У Доме сясцёр назарэтанак у Гродне 20 снежня прайшла традыцыйная акцыя для бяздомных, арганізаваная дабрачыннай арганізацыяй “Карытас”. Каля 80 гродзенскіх бяздомных атрымалі “цёплую дапамогу” і пабывалі на святочным абедзе.
Дабрачынная акцыя не выпадкова супала з міжнародным Днём салідарнасьці людзей. Павіншаваць бяздомных з надыходзячым святам прыйшлі біскуп гродзенскай епархіі Юзаф Станеўскі і дырэктар “Карытас-Гродна” ксёндз Раман Рачкоў.
Пачастункі на святочны стол і “цёплыя” падарункі валанцёры “Карытас” сабралі ўласнымі сіламі ў супермаркетах горада і з дапамогай аб’яў у сацыяльных сетках.
“Цёплая дапамога” – шалікі, шапкі, пальчаткі, нам прыносілі пасля аб’яў у сацыяльных сетках. А салодкае на сталы для бяздомных, мы сабралі ў рамках акцыі ў “Алмі”. Мы падрыхтавалі падарункаў больш чым для сотні чалавек, а прыйшло каля 80 бяздомных.
Часцей за ўсё мы проста праходзім міма бяздомных на вуліцах горада і імкнемся іх не заўважаць, яны як прывіды. Але такія акцыі дапамагаюць нам задумацца, што гэтым людзям патрэбна наша дапамога. Мы можам дапамагчы гэтым людзям, бо напэўна, яны хацелі б вярнуцца да нармальнага жыцця, – распавяла прадстаўнік “Карытаса” Ганна Высоцкая.







