Пазнаёміцца з Фані Браўн можна было падчас нямецкага сняданку, які адбыўся ў офісе “Цэнтра “Трэці сектар” 10 снежня.
Фані Браўн прыехала з горада Людвігхофа па праграме “Культура без межаў” (kulturweit), арганізаванай Гётэ-інстытутам, МЗС Германіі і Нямецкай камісіяй ЮНЭСКА. На працягу навучальнага года дзяўчына будзе дапамагаць настаўнікам нямецкай мовы сярэдняй школы №28 весці заняткі.
Гасцей сустрэчы Фані пачаставала стравамі, традыцыйнымі для яе краіны: бульбяной салатай, печывам і дзіцячым пуншам. Гатаваць нямецкі сняданак дапамагаў Эмрык Понсэ, валанцёр “Трэцяга сектару” з Францыі, які прыехаў у Гродна тры месяцы таму.
Фані расказала, што любіць спяваць, граць на кларнеце і… біць хлопцаў. І яшчэ распавяла, што Германія ў далёкім мінулым стала домам для многіх народаў, а гэта наклала вялікі адбітак на нямецкую мову, у якой цяпер больш за 30 дыялектаў. Нават суседзі могуць не разумець адзін аднаго.
Для самой жа Фані Германія – гэта дом, сям’я, сябры і котка. Паводле яе слоў, у Германіі шмат піваварняў, вырабы якіх можна ўжываць нават на вуліцах гарадоў. Гэтым нярэдка займаюцца немцы на шматліх фестывалях і карнавалах.






