Гродзенскім баскетбалісткам у сябе дома не атрымалася парадаваць заўзятараў. У самым канцы матчу ў гульні з мінскімі “Цмокамi” каманда Аляксандра Шымкавяка не здолела ўтрымаць перавагу i саступіла суперніку з лікам 65:67.
“Алімпія” на працягу ўсяго матчу валодала перавагай, але ў самым канцы дазволіла суперніку не толькі зраўняць лік, але і зрабіць вырашальны кідок. Гродзенскія дзяўчыны мелі перавагу ў 3 ачкі за некалькі секунд да канца гульні, але спачатку баскетбалістка “Цмокаў” Рэйчал Тэрыёт пасля перадачы трапіла трохачковы, а вырашальны кідок здзейсніла Яўгенія Сцяпанава. У выніку – цяжкая перамога гасцей.
“Алімпія” – “Цмокі-Мінск” – 65:67 (22-16, 6-14, 23-20, 14-17)
У турнірнай табліцы працягваюць лідзіраваць мiнскія “Цмокі”, маючы ў сваім актыве 17 ачкоў, другімі ідуць баскетбалісткі “Гарызонта” – у іх 15 ачкоў, а гродзенская “Алімпія” размясцілася на трэцім радку з 14 ачкамі.


