Вогненнае шоў, музыка ад DJ Modno, фотазона ад МНС, вогненны аквагрым і іншыя цікавыя фішкі чакаюць наведнікаў прэзентацыі фотапраекта In Flamma Ignis, якая адбудзецца 11 снежня.

In Flamma Ignis — сумесны праект гродзенскага фатографа Сяргея Марозава і клуба вогненнага шоў «FLASH». На фотаздымках — гарадскія краявіды ў іскрах агню, выратавальнікі сярод разбушаванага полымя, дзяўчаты з вогненнымі крыламі… І не толькі. Непасрэдная праца над праектам працягвалася з сакавіка па лістапад 2016 года, хоць задума ўзнікла значна раней.

fotapraekt-syargeya-marozava-1

«Верагодна, гэта самы тэхнічна цяжкі праект, які я рабіў, часам з непрадказальным вынікам, — распавёў Сяргей Марозаў для hrodna.life. — Агонь цяжка фатаграфаваць, але калі здымак зроблены правільна, атрымліваецца вельмі прыгожы эфект.

Вынікам я задаволены. Недзе атрымалася лепш, чым меркавалася, недзе проста інакш, але кожным здымкам ганаруся і за кожным стаіць свая гісторыя".

Прэзентацыя фотапраекта In Flamma Ignis адбудзецца 11 снежня ў кавярні «Веранда». Пачатак: 17.00.

Арганізатары абяцаюць насычаную праграму: шмат выступленняў з лазерамі, светадыёдамі, агнём; музыку ад DJ Modno і перформанс ад Eiva, дабрачынны аўкцыён і фуршэт, розыгрыш сертыфікатаў. Будуць жывыя фігуры і мадэлі ў тых вобразах, што былі на здымках. Таксама будзе дзейнічаць фотазона ад МНС і фотакабінка.