Ва ўрочышчы Татарышкі пачалося будаўніцтва ветрапарку. Гэта інвестыцыйны праект, які рэалізуецца са студзеня 2015 года ў рамках інвестдагавора паміж Гродзенскім аблвыканкамам і ТАА «Зілант». Згодна з дакументам, каля Зэльвы ўзводзіцца парк ветраных электрагенератараў магутнасцю 5 МВт. У праект будзе накіравана каля 3 мільёнаў еўра замежных інвестыцый у выглядзе крэдытнай лініі, піша zelwa.by.
— Адзін з варыянтаў альтэрнатыўных крыніц электраэнергіі - гэта будаўніцтва ветрогенератараў, — распавядае дырэктар падраднай арганізацыі ТАА «Белсецібуд», якая вядзе будаўніцтва аб’екта, Сяргей Высочын. — Перспектыўным па сіле ветру ў Гродзенскай вобласці лічыцца Навогрудскі раён. Менавіта на яго тэрыторыі РУП «Гроднаэнерга» ўсталявала ветрагенератары, кожны магутнасцю не менш за 1,5 МВт. Падобныя ветраўстаноўкі з’явяцца і ў Зэльвенскім раёне — да красавіка 2017 года плануецца завяршыць усе працы і ўвесці аб’ект у эксплуатацыю. Пры добрым ветры вырабленай энергіі павінна хапаць для таго, каб забяспечыць ёю цэлы раён спажыўцоў.
Для будаўніцтва ветрапарку выдзелены ўчастак плошчай каля 1,7 гектара, найбольш спрыяльны па рэльефе і максімальна адкрыты для ветру. Тут будуць устаноўлены тры ветрагенератары і электрычная падстанцыя 20/110 кВт.
Нядаўна завершаны будаўнічыя працы на першай пляцоўцы. Устойлівая бетонная канструкцыя падставы, на якой і будзе ўсталяваны вятрак, залітая і чакае (так неабходна па тэхналогіі) свайго часу. Тэрыторыя агароджаная, уваход пабочным асобам туды забаронены.
Плануецца, што пры спрыяльным надвор'і ўжо ў пачатку снежня пачнецца мантаж ветрагенератараў. Для гэтых работ будзе прыцягнуты кран Лібхер грузападымальнасцю 500 тон. Дарэчы, частка абсталявання для ветрагенератараў ужо дастаўлена на пляцоўку.