Удала атрымалася завяршыць сезон прадстаўнікам гродзенскага клуба Run4Fun. 12 лістапада яны прынялі ўдзел у штогадовым Бегу незалежнасці (Bieg niepodleglosci), які праходзіў у многіх гарадах Польшчы, у тым ліку ў Беластоку. Беларускі клуб здолеў заняць першае агульнакаманднае месца.
Ад клуба Run4Fun.by было каля 15 чалавек. Усяго ж удзельнікаў на двух дыстанцыях (5 i 10 км) было больш за тысячу.
На вялікай дыстанцыі першы быў беларус з Гомеля Уладзіслаў Прамаў, які яшчэ раней бег марафон на Алімпіядзе ў Рыа. Аматары ж, Дзмітрый Дзеразенка і Аляксей Чамаданаў, занялі 7-е і 8-е месцы адпаведна.
«Атрымалася ўдалае завяршэнне сезона. Іншыя ўдзельнікі нашага клуба таксама адзначыліся добрым часам і асабістымі рэкордамі. Гэта дзякуючы высокай канкурэнцыі на забегу.
Сёлета было больш народу, чым у папярэдніх гадах: як сярод моладзі, так і сярод больш сталых удзельнікаў. Таму перамога нашаму клубу далася нялёгка. Калі б хтосьці з нашай каманды расслабіўся, то перамогі магло б і не быць. Вынікі былі досыць шчыльныя", — распавёў кіраўнік клуба Run4Fun.by Аляксей Чамаданаў.
Прадстаўнікі клуба будуць бегаць і зімой. Кожную нядзелю ў 10 раніцы яны збіраюцца на прабежкі ў Пышках. Да ўдзелу запрашаюць усіх жадаючых.