Прадэманстраваўшы добрую абарончую гульню ў меншасці, гродзенскі “Нёман” не здолеў узяць ачкі ў Салігорску і прайграў мясцоваму “Шахцёру”, які вядзе барацьбу за срэбраныя медалі чэмпіянату.
Ужо на 19-й хвіліне матчу гродзенцы засталіся ў меншасці: Бебе зачапіў гульца “Шахцёра” у сваёй штрафной і атрымаў чырвоную картку, пры гэтым суддзя прызначыў яшчэ адзінаццаціметровы ў вароты “Нёмана”. Свой шанец гаспадары не рэалізавалі, бо Курганскі адгадаў кірунак мяча, а ўдар на дабіванне ў “Шахцёра” не атрымаўся.
Забіць адзіны мяч у матчы гаспадары здолелі толькі на 65-й хвіліне, вызначыўся Бурко. Пасля таго, як адзін з «гарнякоў» выйграў верхавую барацьбу, мяч апынуўся ў нагах Бурко, які доўга не думаючы адправіў мяч у сетку варот. Курганскі мог выцягнуць гэты ўдар, але не ратаваў.
29 кастрынiка, “Шахцёр” – “Нёман” – 1:0
Пасля паразы ў Салігорску галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч пракаментаваў гульню:
– Як ацэньваць гульню… незаслужаная параза. Пачынаючы з пятнаццатай хвіліны гуляць у меншасці з адным з лідараў чэмпіянату. Гулялі мы добра, вытрымалі план на гульню. Але маем тое, што маем.
– У другім тайме вас не было на лаўцы запасных разам з камандай. Ці адбыўся нейкі канфлікт з суддзямі?
– Не было канфлікту. Проста я выказаў свой погляд на падзеі, якія адбываюцца. Затым рэзервовы арбітр сказаў, што я выдалены да канца сустрэчы.
– Павел Савіцкі перад тым як “Шахцёру” трэба было прабіваць пенальці нешта сказаў свайму галкіперу. Вы цікавіліся, што менавіта?
– Цікавіўся. Сказаў проста: не бойся, зловіш. Гуляй па ўдары.
Пасля паразы ў Салігорску гродзенцы так і працягнулі дзяліць 12 і 13 радок у турнірнай табліцы разам са “Слуцкам”. У каманд па 28 ачкоў. Толькі вось у случчан на адзін матч згуляна менш.


