Праз два дні пасля перамогі  ў Кубку Салея “Нёман” працягнуў удзел у чэмпіянаце Беларусі. У Гродне 27 кастрычніка чырвона-чорныя прымалі зборную “U20”, якую здолелі абыграць. Праўда, перамога над моладдзю далася гродзенскай камандзе з цяжкасцю.

На працягу ўсяго матчу каманда “U20” практычна на роўных гуляла з дасведчаным “Нёманам”.

У першым перыядзе адзіную шайбу закінуў Коршунаў, зрабіла гэта гродзенская каманда ў большасці.

У другім перыядзе было ўжо весялей, як з ударамі, так і з кідкамі. На 30-й хвіліне Сяргей Маляўка падвойвае перавагу “Нёмана”. А праз 40 секунд “U20” ўсё ж здолела запхнуць адну шайбу ў вароты Саманькова. Кропку, як у другім перыядзе, так і ў матчы, паставіў Яне Лаканен, які рэалізаваў штрафны кідок.

У трэцім перыядзе каманды шайбаў не закінулі, хоць магчымасцяў было дастаткова. Добра дзейнічала зборная “U20”, за якой пільна сачыў галоўны трэнер нацыянальнай  каманды Дэйв Льюіс.

“Нёман” – “U-20” 3:1 (1:0, 2:1, 0:0)

Галы:
07.32 1:0 – Коршунаў (А. Маляўка,-бол.)
29.34 2:0 – С. Маляўка (Маркоўскі, Пасют)
30.13 2:1 – Бялевіч (Верабей, Барысаў)
37.52 3:1 – Лаканен (штрафны кідок)

Пасля матчу галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Пушкоў адзначыў, што ў яго каманды не ўсё атрымалася ў гульні з супернікам.

“Мы сёння выканалі галоўную задачу – выйгралі матч. Шмат чаго не атрымлівалася, напэўна, ёсць у нас апраўданне – праведзены два дні таму фінальны матч Кубка Салея, на які мы выдаткавалі шмат фізічных і маральных сіл. А 20-гадовыя хлопцы малайцы, мне вельмі імпануе каманда “U20”, атакуюць, з вялікім жаданнем лезуць на вароты, вельмі добрая карцінка гульні праглядаецца, мне падабаецца гэтая каманда.