Неўзабаве могуць з’явіцца новыя пункты пропуску на польска-беларускай мяжы. Патрэбу іх стварэння абазначыла польска-беларуская камісія па справах рэгіянальнага супрацоўніцтва на паседжанні ў Белавежы, піша dziendobry.bialystok.pl.
Маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Лешчынскі некалькі разоў паўтарыў, што патрэбныя новыя пункты пропуску, а таксама паляпшэнне стану памежных дарог у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях ды Падляшскім і Люблінскім ваяводствах. Новыя пункты пропуску польскі бок хацеў бы бачыць у Ліпшчанах-Сафіева (кірунак Аўгустова) і Катэрка-Высокае (кірунак Семятычы).
Паляпшэнне інфраструктуры памежжа — ключавая задача для рэгіянальных уладаў па абодвух баках мяжы, падкрэсліў маршалак. Прадстаўнікі Падляшша адзначылі, што супрацоўніцтва з беларускім бокам ужо прынесла вынік у выглядзе адмены віз для наведвальнікаў Аўгустоўскага канала.
У працы камісіі прымалі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі Гродзенскай і Брэсцкай вобласці, самакіравання Падляшскага і Люблінскага ваяводстваў, Еўрарэгіёнаў «Буг», «Нёман» і «Белавежская пушча».
Гэта камісія з’яўляецца часткай Польска-беларускай міжурадавай каардынацыйнай камісіі па справах транспамежнага супрацоўніцтва. Паседжанні камісіі адбываюцца раз у год, рабочых груп — два разы ў год.