З ранняга дзяцінства памятаю сюжэт невялікага апавядання пра Леніна. Пра цяжкі рэвалюцыйны час калі неставала харчоў (падаецца, што гэта вечная праблема савецкай улады:).
Прынеслі Леніну чай і цукар калі ён ужо даўно не еў. А жанчына, што прынесла Леніну чай і цукар, прапануе яму пакласці некалькі кавалачкаў у чай. Ленін адказвае, што не хоча цукар класці ў чай, а будзе піць чай са сподачка і цукар есці ў прыкуску, бо так яму больш падабаецца. Жанчынка стаіць і так сабе думае, што гэта ён для таго робіць, каб цукру менш з’есць, каб і ёй засталося.
Такое апавяданне…
Вось думаю сабе, хоць сам быў яшчэ малым: «Які быў добры дзядуля Ленін! Клапаціўся пра іншых».
Неяк і я вырашыў выпіць чаю з блюдца з цукрам-рафінадам у прыкуску, як Ленін. Наліў чаю і стаў прыкусваць. Ага, і праўда вельмі смачна!
Вось толькі цукру пайшло ў тры разы больш, чым паклаў бы ў кубак.