Усе цукеркі, якія прадаваліся ў прадуктовай краме, я ўмоўна падзяляў на два тыпы: «Залаты ключык» і «шакаладныя».

Цукеркі «Залаты ключык» былі той самай фабрыкі, але кожны раз — розныя на смак. І пакункі і абгорткі былі тыя самыя, але кожны раз ты выбіраў як латарэю. Адным разам «Залаты ключык» быў цёмным, і нават некалькі разоў трапляўся амаль чорны, і добра цягнуўся, акурат як я любіў. Але другім разам — не жаваўся, а быў нейкі мяккі і крохкі светла карычневага колеру. Таму спрабаваў намацаць смачныя цукеркі. Лічыў, што цвёрдыя будуць смачныя. Але не заўсёды так здаралася.

Толькі з шакаладнымі не было праблем ніколі. У Беларусі чамусьці не хапала шакаладнай памадкі і ўсе шакаладныя цукеркі ў крамах, як бы яны не называліся, былі альбо з белай альбо з жоўтай сярэдзінай. Таму шакаладныя цукеркі я ніколі не выбіраў, а браў першае, што ляжыць.

Я проста абгрызаў шакалад зверху і ўпотай ад бацькоў выкідаў нясмачную сярэдзіну.

tsukerki