Падчас летніку дзяўчаты з нашага атраду папрасілі мяне прынесці ім у пакой прас, бо збіраліся на дыскатэку. Чаму мяне папрасілі, хочацца верыць, што я некаму з іх падабаўся, але хучэй я першы, хто ім трапіўся пад руку…

Заходжу ў пакой, а там дванаццаць прывабных дзяўчат! І яны дазволілі ў іх застацца… Густы замес паху парфумы і лаку даў мне ў галаву. Ладныя, напаўпрыкрытыя фігуры лашчылі вока. Толькі адно выбівала мяне з мрояў і вяртала ў суворую рэчаіснасць.

Дзяўчаты толькі зрэдку перакідваліся словамі. Яны былі занятыя. Усе як адна фарбавалі павекі і падпраўлялі бровы і таму трымалі ў адной руцэ кардонную каробачку з тушшу, у другой маленькі чорны пэндзлік. Кожная з дзяўчат у нейкі момант гучна плявала ў каробачку, шчотачкай узбівала туш і асцярожна наносіла туш на павекі ці бровы.

Дзяўчаты пачалі апранацца і папрасілі мяне адвярнуцца. Я бачыў толькі сцяну з аблезлымі абоямі. З гэтага моманту ў пакоі для мяне засталіся толькі тая сцяна і адзіночныя пляўкі…

leningradskaya-tush-poplyuyka