У пяцідзясятыя гады хвою ў сям'і маёй мамы ўпрыгожвалі ладнымі яблычкамі-дзічкі, грушамі ці хатнім печывам, якое пасля святаў з’ядалі.
І неяк раз іх тата, мой дзед, прывёз з камандзіроўкі шакаладных цукерак у рознакаляровых абгортках. Упрыгожылі елку тымі цукеркамі і штодня вызначалі, хто з сёстраў якую цукерку будзе есці. Бо ўсе абгорткі адрозніваліся. Пагавораць так з вечару малыя і спаць кладуцца. Шмат вечароў чакалі на свае цукеркі. І вось нарэшце на Сытую Куццю паселі малыя ля елкі. Цукеркі здымаюць, а ўсярэдзіне заместа шакаладу скамечаная бульба.
Хто? Што… Ажно сярэдняя сястра праз слёзы:
— Гэта я ўсе цукеркі з’ела. Як паснуць усе, я паднімалася адну цукерачку выядала і бульбу ў абгортку загортвала. Я ніколі такіх ладных абгортак не бачыла, то хацела цукерачкі ўсе пакаштаваць.
Селі тады ўсе разам абняліся і плачуць. Заходзіць іх тата, даведаўся што сталася, пасмяяўся і прынёс кожнай малой па адной вялікай грыльяжнай цукерцы, якія пакінуў на Вялікдзень.