Выезд з Гродна ў кірунку Гожы. З беларускага боку праязджаем некалькі вёсак і едзем вузкай дарогай па добрым асфальце практычна ўвесь час праз лес. Найбольш захапляльным быў пад’езд да Друзгенік. Там дарога мела некалькі горак. Памятаю, што тата звычайна разганяў наш старэнькі «Іж-комбі» акурат на гэтых горках. І як мінімум на дзвюх з іх на самым версе перахоплівала дух. Кожны раз як мы дзецьмі ехалі ў Друзгенікі - чакалі на гэтыя горкі як на галоўны атракцыён.
Зусім не памятаю горада. Толькі памятаю, што нас здзіўляла стылёвасць прыватных будынкаў, якія моцна адрозніваліся ад нашага «прыватнага сектару» што складаўся з сялянскіх драўляных хатаў. Цікава, але пра геалагічны разлом, што знаходзіцца паблізу Друзгенік, я даведаўся толькі ў 2000-х!
Адзінае, што памятаю з таго часу — гэта дарога туды і праз некалькі гадзін у доўгіх чэргах, што складаліся збольшага з гарадзенцаў, дарога праз лес дахаты.
З Гродна ў Друзгенікі ездзілі па доктарскую каўбасу.