У другой палове васьмідзясятых вельмі модным было мець белыя красоўкі. Але, як вы пэўна памятаеце, і звычайныя красоўкі дастаць было практычна немагчыма. Гэта ж не чаравікі ці басаножкі са слонікам фабрыкі «Нёман».
Але хацелася красоўкі. І не проста красоўкі, а белыя…
Мы самі сабе рабілі белыя красоўкі з таго, што мелі! Дакладна так як рабіла савецкая дзяржава. Рабіла нешта як умела і атрымлівалася тое, што здольны былі зрабіць.
Мы бралі кеды паскудна-сіняга колеру. Бралі цэбар ці вялікі рондаль. Бралі хлорку і выварвалі тыя кеды да белага колеру. Белыя кеды бераглі. Белыя кеды складалі толькі на дыскатэку…
Так атрымалася, што мае бацькі недзе ў годдзе 88-м дасталі пуцёўку ў Югаславію і прывезлі мне, за прададзеныя там колькі дзясяткаў камплектаў бялізны, белыя, высокія, скураныя, сапраўдныя красоўкі фірмы Puma.
Я так ганарыўся сваімі красоўкамі, што не здымаў іх гады тры ні зімой у люты мароз, ні летам у самую спёку, пакуль яны зусім не разваліліся.