Спадчына

«На ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды». Станіслаў Муліца — пра беларускі антыстрэс і месцы на глобусе, дзе ёсць гродзенскія выцінанкі

Станіслаў Муліца ўжо 26 гадоў робіць цуды з паперы. Яго выцінанкі трапілі ў музеі Беларусі і Еўропы, іх захоўваюць у прыватных калекцыях па ўсім свеце. Сёлета казачныя ўзоры гродзенскага майстра ўпрыгожылі каляндар Нrodna.life.

Як выцінанкі лечаць, колькі нажніц патрэбна сапраўднаму майстру і ў чым таямніца нараджэння папяровых карунак, даведалася карэспандэнтка Hrodna.life

«Часам рука вядзе мяне няведама куды. Яна сама нешта робіць», — так апісвае таямніцу нараджэння сваіх выцінанак Станіслаў Муліца. Майстар прызнаецца, што і сам не заўсёды дакладна ведае, што атрымаецца, калі разгорнеш паперу. «Бывае, раскладзеш яе, прыціснеш шклом і дзівішся: божа, няўжо гэта я зрабіў?»

Выцінанка — від традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэта ажурны ўзор, выразаны з белай ці каляровай паперы. Выцінанкі бываюць геаметрычнымі, расліннымі, ці нават сюжэтнымі, з выявамі людзей ці жывёл. У Беларусі выцінанка была найбольш распаўсюджана ў ХІХ — першай палове ХХ стагоддзяў. Выкарыстоўвалася для ўпрыгожання жытла, як аздоба інтэр'ера ці яго асобных элементаў да святаў і ўрачыстасцяў.

Выцінанкі Станіслаў памятае з дзяцінства. Папяровыя фіранкі на вокнах, абклады на абразах, узоры на сценах і мэблі былі папулярныя пасля вайны ў вёсцы. Жанчыны рабілі іх, каб упрыгожыць хату на Раство ці Вялікдзень. Выкарыстоўвалі паперу, бо яна была танная. Бывала, што ўзоры выразалі нават з газеты.

Снежаньская старонка каляндара Hrodna.life. Конікі - адзін з улюбёных сюжэтаў майстра. Яны прыйшлі ў выцінанкі Станіслава Муліцы з дзяцінства: «Калі жыў на вёсцы, вельмі шкадаваў конікаў. Цэлы дзень яны мусілі працаваць, не пакідаць баразну, пераходзілі ад аднаго гаспадара да другога»

Майстар захапіўся выцінанкаю ўжо ў сталым веку. Узгадвае, як аднойчы ягоны сябар і настаўнік, мастак Алесь Аўчыннікаў, даў паглядзець кніжку пра польскую выцінанку.

«Я прыйшоў дадому, разгарнуў і… папросту эмацыйны выбух! Я бяру нажніцы, кавалак паперы і пачынаю рэзаць. Спачатку копіі, а потым ўсё, што ў галаву прыйшло. А назаўтра — бягом да сябра, каб паказаць, што атрымалася».

Ужо праз год у Станіслава Муліцы адбылася першая персанальная выстава.

На вереснёўскай старонцы — птушка. Птушкі часта сустракаюцца на выцінанках Станіслава Муліцы. Сімвалізуюць духоўнасць і надзею на адраджэнне. Гэтая выцінанка складаная тым, што ў ёй вельмі шмат дробных дэталяў.

Нажніцы для манікюру і для авечак

«Няма такога, што я раблю гэта штодня. Я чакаю натхнення. Яно можа прыйсці праз год ці праз два. Можа нават праз тры гады. І ўжо як яно прыходзіць, то не магу астанавіцца. Рэжу, рэжу, малюю, і гэта не дае мне спакою».

Свае выцінанкі гродзенец робіць са звычайнай каляровай паперы, што можна набыць у краме з канцтаварамі. А вось нажніц у Станіслава больш за дзясятак. Розных памераў: ад малых манікюрных да гаспадарчых. Ёсць нават нажніцы для стрыжкі авечак. Яны велькія, незвычайнай формы. Майстар іх выкарыстоўвае рэдка, у асноўным для крупных дэталяў, калі робіць рэканструкцыі выцінанак па старых фота.

У роднай вёске Станіслава Муліцы выцінанкай аздаблялі нават труну нябожчыка. Па старых фота і ўспамінах дзяцінства майстар аднавіў тыя ўзоры. На фота: рэканструкцыя аздаблення і нажніцы для стрыжкі авечак. Здымак з асабістага архіва Станіслава Муліцы

«Часам кладуся спаць, заплюшчваю вочы — і бачу ўзоры, ды такія цікавыя, нязвыклыя, што нават не здолею выхапіць з памяці. І гэта вельмі мяне стрэсуе», — расказвае Станіслаў.

Для складаных выцінанак майстар робіць эскізы. Але часам нешта ідзе не так, і тады пачынаецца імправізацыя.

«Не вельмі турбуюся, калі штосьці неспадзявана адрэжу. Можна ў другі бок пайсці, аднавіць. Але часам раззлуюся і кіну», — усміхаецца Станіслаў.

Два гады на адну выцінанку

Звычайная выцінанка займае ў мастака ад адной гадзіны да чатырох. Але над некаторымі працуе з перапынкамі. Адна з самых «доўгіх» — выцінанка «1863 год. Пахаванне паўстанца». Яе аўтар ствараў у некалькі этапаў амаль два гады.

«Да мяне прыйшоў вобраз касцёла, які перарабілі ў царкву. Бо на Беларусі пасля паўстання 1863 года за ўдзел ў ім каталіцкіх святароў выганялі, а касцёлы аддавалі пад праваслаўныя цэрквы. І вось на выцінанцы — вежы-цыбулькі, але наверсе яшчэ застаўся каталіцкі крыж над званіцай».

«Касцёл-царкву» Станіслаў выразаў у 2017−18 годзе. А ў 19-м, пасля перапахавання Кастуся Каліноўскага ў Вільні, сюжэт атрымаў развіццё.

«На ніжнім плане я дадаў пахавальную працэсію. Крыж, харугві, конік, цяжарная жанчына з дзіцём, жабрак з малітвай… Гэта было моцнае ўражанне, перажыванне таго часу».

Зараз выцінанка захоўваецца ў Польшчы, на радзіме Кастуся Каліноўскага пад Беластокам.

Антыстрэс па-беларуску

Выцінанка, лічыць Станіслаў, з усіх відаў творчасці самая простая і даступная. А яшчэ яна дае адчуване радасці і далучэння да тайны.

«Часам унучак сваіх саджу і „чыкаем“ разам. А пасля як разгорнуць паперу — глядзі, што атрымалася! Майстры раяць займацца з дзецьмі, бо гэта добра ўплывае на іх развіццё», — расказвае Станіслаў.

Узоры выцінанак нечым нагадваюць папулярныя зараз размалёўкі-антыстрэс

Углядаючыся ў дзіўныя ўзоры, заўважаю, што нечым яны нагадваюць папулярныя зараз размалёўкі-антыстрэс.

«Так, ёсць ў выцінанкі такое, — пагаджаецца майстар. — Чалавек, калі яе робіць, застаецца сам на сам і супакойваецца. Да мяне нават звярталіся гродзенскія дактары, што лечаць людзей з анкалогіяй. Я прапанаваў даваць хвораму чалавеку ў рукі нажніцы, каб ён адыходзіў ад беспакойных думак».

На ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды

Дзякуючы выцінанцы гродзенец мае сяброў з усяго свету. Аказваецца, у падобнай тэхніцы працуюць і майстры з іншых краін.

«Незвычайныя працы ў сябраў з Ірану, Швейцарыі. Польскія і літоўскія выцінанкі падобныя да нашых. Але ў Польшчы, напрыклад, захавалася рэгіянальнасць, выцінанкі адрозніваюцца паводле мясцовасці. У Беларусі ў савецкія часы гэта было страчана, нават мясцовы строй не захаваўся. Таму мы дакладна не ведаем, якой была гродзенская выцінанка».

Аднойчы ўсё ж удалося знайсці ў гісторыка-археалагічным музеі выцінанку, зробленую на Гродзеншчыне ў 1936 годзе. Яна была квадратная, з пеўнікам і колам пасярэдзіне. Паводле яе матываў майстар зрабіў серыю падобных твораў.

Станіслаў Муліца вывучаў этнаграфію, таму многія выцінанкі прысвечаныя народным святам, абрадам, традыцыям. На красавіцкай старонцы каляндара Hrodna.life - вербная нядзеля і яўрэйскае свята Пурым

Гродзенская тэма таксама адбілася ў цыкле, прысвечаным гістарычнам помнікам. Станіслаў выразаў з паперы Каложу, Фарны касцёл, Стары лямус. А яшчэ з выцінанкі ў нашым горадзе пачаўся кірмаш «Казюкі». Станіслаў Муліца быў яго першым арганізатарам: «Мне хацелася зрабіць свята для майстроў, дзе яны будуць галоўнымі, а не дадаткам на гарадскім мерапрыемстве».

Чытайце таксама: «Пачыналі з 20 рамеснікаў, а сёння іх сотні». Арганізатар першых «Казюкоў» пра адраджэнне кірмаша ў Гродне

Станіслаў абменьваецца работамі з іншымі майстрамі. Часта выцінанкі просяць даслаць знаёмыя. Так працы гродзенца разышліся па свеце. Ёсць яны нават у Японіі, Індыі, Егіпце, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША — на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Зараз Станіслаў рыхтуе бандэроль у Таіланд.

Станіслаў Муліца нарадзіўся ў вёсцы Дайліды Іўеёскага раёну. Працаваў у Гродзенскім палацы культуры хімікаў, на «Гродна Азот». Выцінанкай займаецца з 1994 года. З’яўляецца сябрам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, уваходзіць у склад Таварыства майстроў народнай творчасці Гродна. Заснаваў суполку майстроў народнай творчасці пры ГА «Саюз палякаў на Беларусі». У 2005 годзе атрымаў ад польскага Міністэрства культуры ганаровы тытул заслужанага дзеяча культуры Польшчы.

Поделиться

Последние записи

«Нормальный был гастроном — теперь там продают обои». Хватает ли магазинов в центре Гродно?

Хватает ли в центре Гродно продуктовых магазинов? Споры об этом вызвало открытие на углу Советской…

21 ноября 2024

Где организовать праздничную фотосессию? Гродненские студии уже подготовили новогодние локации

Нарядная хвоя, свечи, новогодние венки и гирлянды, светлый или темный фон на выбор. Гродненские фотостудии…

19 ноября 2024

«Перед выборами — благоприятное время для петиций». Как заставить чиновников решать проблемы и почему новая площадка «меркаванне.бел» для этого не подходит

Власти создали новую платформу “меркаванне.бел”. Ее позиционируют как онлайн-площадку, на которой каждый сможет в свободной…

15 ноября 2024

«В Гродно живут те еще „шальные императрицы“». Создательница бренда Krikate рассказала, как добралась до парижской недели моды

Коллекция одежды гродненки Екатерины Корлатяну дебютировала этой осенью на Парижской неделе моды. А начиналось все…

14 ноября 2024

«Первую прибыль потратил на станок». Гродненец в школе вытачивал биты, а к 27 годам открыл свое производство мебели

Гродненец Роман Нагула почти полжизни работает с деревом. Школьником он начинал с бейсбольных бит, а…

13 ноября 2024

«Планирую повторить гербарий Элизы Ожешко». Гродненка 20 лет проработала ветврачом, а теперь плетет венки на заказ

Гродненка Анна Тарковская почти круглый год собирает травы, а потом плетет из них венки. За…

11 ноября 2024