Дзяўчынкаю 14-ці гадоў Даля Грынкявічутэ патрапіла на мора. Толькі мора было не цёплым і не лагодным. Да мора Лапцевых вывезлі у 1941 годзе літоўцаў, якіх палічылі ворагамі савецкай улады. На пачатку 50-х Даля Грынкявічутэ запісала свае ўспаміны. У незалежнай Літве іх выдалі кнігай. Пераклад «Літоўцаў ля мора Лапцёвых» на беларускую мову зрабіла ў 2022 годзе паэтка і перакладчыца Ванда Марцінш душ Рэйш. Для Telegram-канала «Тётя Ира разрешила» яна расказала, чаму зараз гэта кніга стала такой важнай для беларускай аўдыторыі.
«Калі перекладала, плакала кожны дзень, — прызнаецца аўтарка беларускага перакладу. Апісаныя ў кнізе выпрабаванні, праз якія давялося прайсці дзяўчынцы-падлетку, выглядаюць ці не больш жорсткімі, чым апісаныя Аляксандрам Салжаніцыным ці Францішкам Аляхновічам. — Але калі перакладала другую частку [пра паваенны час у Літве], плакала не менш. Бо псіхалагічны здзек у дачыненні да людзей, якія мелі хоць кроплю гонару, хоць кроплю павагі да сябе, хоць якія-небудзь ідэалы — здзек быў неймаверны».
Беларусам чытаць зараз
На думку перакладчыцы, кніга пра савецкія рэпрэсіі супраць літоўцаў зараз вельмі актуальная для беларусаў: «Яна адгортвае тыя старонкі, пра якія мы, беларусы, забыліся. Нават не тое, што забыліся — цяпер гэта ўсё бачыцца на фоне зусім іншага кантэксту».
Аўтарка расказвае пра падзеі свайго жыцця ў ссылцы, нібы гэта дзённік. «Кніга напісана зусім проста. З боку мовы ніякіх праблемаў не было», — каментуе перакладчыца. Складаным да разумення і прынняцця была сама апісаная сітуацыя. «Тое, што адвезлі ў Сібір людзей цэлымі вагонамі і не было дзе ўсю дарогу ні сесці, ні легчы — гэта адно. Другое, што іх завезлі за 800 кіламетраў за Палярны круг, у вусце ракі Лены. Там шмат бязлюдных выспаў. І вось на такую выспу, на пустынны астравок іх перад самай палярнаю зімою высадзілі. І там нічога — ні кусціка, ні дрэўца, каб спаліць і пагрэцца. І хат аніякіх не было. Канечне — ні ежы, нічога. Цынга потым пачалася і іх большая частка памерла».
Мужчын там амаль не было
Перакладчыца адзначае, што кніга атрымалася вельмі жаночая. І не толькі таму, што пісалася ад імя дзяўчынкі-падлетка. «Яна піша больш пра жанчын, бо яна працавала побач з імі. Мужчын амаль не было, толькі хлопчыкі-падлеткі. Мужчын адразу на вакзале аддзялілі. Зманілі, казалі, што гэта толькі на дарогу. Але адправілі ў лагер. Потым Даля даведалася, што яе бацька там памёр ад голаду».
Ванда Марцінш расказвае, што кніга напісана «з юнацкім максімалізмам». Паміж радкоў нібы ўвесь вісіць пытанне: «Ну як жа так?»
«Яна падлетак, яшчэ ўспрымае па-дзіцячаму, але бачыць такія [жорсткія] рэчы. Ёй давялося пасталець і працаваць нароўні з дарослымі. Яна піша — як бачыць. Не проста падзеі адлюстроўвае. Яна піша, што яна адчувала, што думала.»
«Нават у тых умовах былі магчымасці выратаваць людзей, — кажа перакладчыца. — Каб дазволілі іх выратаваць. Але — не дазволілі. Напрыклад, у кнізе апісана сітуацыя, як прыязджалі эвенкі і прапаноўвалі забраць да сябе ў юрты хаця б хворых і дзяцей. Начальства не дазволіла. Восенню пачыналі ўжо лавіць рыбу. Каб далі гэту рыбу есці, шмат хто выжыў бы. Але — не далі. Пазней яе проста выкінулі, бо згніла. Наогул, нібы спецыяльна гэтых людзей вынішчалі».
На роднай зямлі - не лягчэй
Пасля вайны Даля Грынкявічутэ пакінула выспу — разам з маці яны ўцяклі, дабраліся да Коўна і хаваліся ў горадзе. У 1956 годзе былым ссыльным дазволілі легальна вярнуцца ў Літву. Але і на роднай зямлі яе не пакінулі ў спакоі.
«Яна была выдатным урачом, мела ўзнагароды і адзнакі, у яе была найлепшая бальніца. Але яе цкавалі, выгналі з работы „таварышчанскім судом“, нават у газетах пра гэта пісалі. Яе выгналі з кватэры, бо гэта было службовае жытло. Цкавалі нават тых, хто проста падтрымліваў з ёй нейкія стасункі. Карацей кажучы, давялі жанчыну. Яна захварэла на рак і заўчасна памерла».
«Баюся, што кніг на ўсіх не хопіць»
Кніга, напісаная Даляй Грынкявічутэ, жыве, перамагаючы цяжкасці лёсу аўтаркі. Беларускі пераклад ужо прэзентавалі на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Коўне, у амбасадзе Літвы ў Даніі ў Капенгагене, хутка чакаецца прэзентацыя ў Вільні. «Планаў шмат, запрашэнняў шмат, — кажа перакладчыца. — Гданьск, Варшава, Беласток. Баюся, што кніг не хопіць».
Ванда Марцінш душ Рэйш — беларуская паэтка і перакладчыца. Нарадзілася ў Беларусі, недалёка ад мяжы з Літвой. Па адукацыі - выкладчыца пачатковай школы. Доўгі час жыла ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі.
«Паэткай я стала зусім нядаўна», — кажа яна пра сябе. Першая кніга вершаў Ванды Марцінш душ Рэйш «Плод авакада» выйшла ў год 60-годдзя паэткі, у 2019-м. На наступны год выйшаў зборнік «Мора мары». Падборкі вершаў літоўскіх паэтаў, перакладзеныя Вандай, публікаваліся ў часопісе «Дзеяслоў». «Літоўцы ля мора Лапцевых» — яе першы празаічны пераклад.
Чытайце таксама: