Яўгену Пікаловічу 86 гадоў. Ён усё жыццё жыве на вуліцы Рабочай, у даліне Гараднічанкі, пад сінагогай. Калі ў 1941 годзе немцы сагналі гродзенскіх яўрэяў у гета, туды трапілі і суседзі Яўгена. Гродзенец прыходзіў да іх і яшчэ памятае вязняў і дзе была ахова. Hrodna.life працягвае публікаваць успаміны гродзенскіх старажылаў.
Пікаловіч Яўген Фёдаравіч, праваслаўны, нарадзіўся ў 1935 годзе ў Гродне. Карэнны гродзенец. Памятае нямецкую акупацыю і гета.
У пачатку 1930-х гадоў Пікаловічы жылі ў падвальным памяшканні (10 кв.м.) на вуліцы Дамініканскай (суч. Савецкая). Сёння гэта месца недалёка ад помніка Сакалоўскаму.
Калі бацькі Яўгена назбіралі грошай, то купілі ў мясцовай яўрэйкі пляц (зямлю) са зрубам па вуліцы Юрыдыкi (зараз Рабочая) за 800 злотых. Гродзенец кажа, што бацькі хацелі месца вышэй ад ракі, але яўрэйка вырашыла прадаць месца ў нізіне.
Чытайце таксама: Гродзенская вуліца без адзінага дома, назвы якой вы не ведаеце
«Некалькі гадоў сям’я жыла ў цяжкіх умовах ў цэнтры Гродна, але назбірала грошы на лепшае жытло. За кароткі час бацька пабудаваў пад сінагогай драўляны домік, завялі гаспадарку. Хутка нарадзіўся і мой брат».
За «польскім часам» бацька Яўгена працаваў у замежнай пекарні на рагу вуліц Дамініканскай і Ажэшкі. Сёння там знаходзіцца будынак ЗАГСа. Да вайны там красавалася вялікая шыльда «Стамбул». Уладальнікам гэтай кавярні быў азербайджанец. У яго ўстанове на вачах у наведвальнікаў паводле спецыяльнай методыкі рыхтавалі каву. З-за ўсходняга іміджу гаспадара кавярня запомнілася гродзенцам пад назвай «У турка». Яўген прыходзіў да бацькі ў пякарню некалькі разоў.
Чытайце таксама: Гродна — беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў «за» ад экспертаў
«Там два браты хіба трымалі яе. Папулярнае месца было ў горадзе. Уваход у пякарню быў са двара. Унутры стаялі печы, а побач быў буфет. Там прадавалі розныя прысмакі. Асабіста мой бацька пёк булачкі і пірагі, таксама рабіў пірожныя і тарты. Гаспадары былі нармальнымі людзьмі, як звалі я ўжо і не памятаю, але працу далі бацьку, за гэта ім дзякуй. Нават неяк Новы год ён з ім сустракаў. Былі здымкі, дзе яны ўсе разам за адным сталом, але знайсці не магу».
Гродзенец распавядае, што пры паляках праваслаўным беларусам цяжка было знайсці працу. Але дадае, што хто шукаў, той знаходзіў.
«Пра гэта бацька казаў. Тады прымалі адных палякаў, але кіраўніцтва горада ўмешвалася, настойвала, каб бралі не толькі іх. А ў нас сям’я з беларусаў была. А так у горадзе было заўсёды ціха: палякі займаліся сваімі справамі, яўрэі сваімі. Памятаю, як мама распавядала пра сур’ёзныя сутычкі ў 1930-х: тады білі яўрэяў з-за забойства мясцовага паляка. Калі ішлі палякі з могілак, то ўсе яўрэйскія крамы грамілі, рамізнікі паспявалі толькі параненых вывозіць».
Чытай таксама: 85 гадоў вялікаму пагрому ў Гродна. Як горад перажыў трохдзённыя беспарадкі пасля смерці «марака»
У верасні 1939 года сям’я Пікаловічаў добра паставілася да прыхода саветаў у Гродна. Яўген кажа, што тады ўсім непісьменным гараджанам новая ўлада адразу давала буквары. Менавіта ў тым годзе маленькі гродзенец і ўбачыў упершыню тую кніжку, якую выдалі яго бацьку.
«Гараджане сустрэлі Чырвоную армію ў асноўным добра. Не буду адмаўляць, што і сутычкі былі: некалькі адмыслова навучаных дзяцей-патрыётаў кідалі бутэлькі з гаручай сумессю ў савецкія танкі. Літаральна некалькі гадоў таму аднаго з тых колішніх хлапчукоў сустрэў у Гродне. Ён распавядаў горда, як кідаў у танкі гэтыя бутэлькі. У той момант, калі ён гэта казаў, захацелася ледзь не з моста яго скінуць. Не разумею, чаму гэтыя малыя ішлі на танкі».
Чытай таксама:
Яўген кажа, што новая ўлада дала яго бацьку працу ў вайсковай пякарні ў занёманскай частцы горада. З першых заробкаў ён купіў сыну гармонік.
«Туркі ўцяклі ў 1939 годзе, калі прыйшла савецкая ўлада. Прыватны бізнес быў цалкам забаронены».
Раніцай 22 чэрвеня 1941 года пабудзіў Пікаловічаў раптоўны шум — усё навокал грукатала. Германія напала на СССР. Яўгену было шэсць гадоў, калі немцы ўварваліся ў Гродна. Тыя жахі на ўсё жыццё засталіся ў яго памяці.
«Першы дзень вайны бацька прыйшоў з працы раней, чым звычайна. Памятаю яго словы, нібы зараз: «У той час, як ляцелі самалёты, я ішоў каля моста, а там ля ракі - танцы, музыка, усе гуляюць. Упаў снарад і нікога».
Баёў, як такіх, у першыя дні не было, усе толькі беглі, кажа Яўген. Мост быў у прабоінах, на яго клалі дошкі, каб перайсці. На трэці дзень вайны ў горадзе пачалі з’яўляцца немцы.
«Памятаю першага ўбачанага салдата — ён быў з ланцугом на грудзях, хадзіў па нашай вуліцы і збіраў мужыкоў для расчысткі горада. Сагналі ўсіх. Хто не падпарадкоўваўся ці дрэнна працаваў, мог і дубінкай па спіне атрымаць».
Яўген успамінае, што пасля бамбёжкі, яшчэ да прыходу немцаў, у горадзе пачалося бязладдзе: крамы грабiлі, усё выносілі. Але калі ўжо ўвайшлі нямецкія часткі, то марадзераў растрэльвалі на месцы.
«Памятаю, бацьку злавілі з-за таго, што ён нёс аднекуль гуркі. Пагналі ў камендатуру, разам з ім яшчэ двух яўрэяў схапілі. Тых расстралялі адразу ж, бацьку апраўдалі».
Гродзенец добра памятае і гродзенскае гета, бо жыў амаль пад ім. Бачыў вязняў і вартавых. Некаторыя заходзілі да іх дадому.
«Пад восень 1941 года, як стала халадаць, усіх гродзенскіх яўрэяў пачалі зганяць у гета. На аднаго яўрэя там адводзіўся адзін квадратны метр плошчы. Спачатку іх выпускалі адтуль, яны хадзілі па горадзе, старыя шукалі працу, а дзеці ўсё бегалі па ежу. Нават да нас нехта заходзіў. Але пасля ўсё змянілася. Гета зачынілі, вакол з’явіліся слупы з нацягнутым калючым дротам, вакол варта».
Па сённяшняй Рабочай вуліцы кожную гадзіну праходзіў вартавы. А на гары стаяў станкавы кулямёт, накіраваны на гета. Яўген узгадвае, што там увесь час дзяжурылі двое немцаў.
«Бегчы з гета было цяжка. Але шчыра скажу, я б знайшоў шчыліну выбрацца, нават міма кулямётаў. А яўрэі баяліся. З гета вязняў вывозілі ноччу і толькі тады некаторым удавалася ўцячы».
Дэпартацыя гродзенскіх яўрэяў з гета № 1 пачалася ў канцы лістапада 1942 года і працягвалася да сярэдзіны сакавіка 1943 года. 13 сакавіка 1943 года немцы размясцілі на вуліцах Гродна плакаты, абвясціўшы, што Гродна «Judenrein» (ачышчаны ад яўрэяў).
Выпадкі ўцёкаў з гродзенскага гета вядомыя. Некоторыя са збеглых хаваліся ў горадзе ці лесе, але пасля вярталіся ў гета да родных ці сяброў. Былі выпадкі, калі гродзенскія яўрэі беглі ў партызаны і нават даходзілі да атрада Бельскіх у Ліпічанскай пушчы.
Гродзенец кажа, што мясцовыя людзі дапамагалі вязням, але калі немцы пра тое дазнаваліся, то маглі адразу растраляць.
«Да нас шукаць яўрэяў не прыходзілі, бо мы жылі пад самым гета -вартавы ў двух метрах хадзіў. За ўвесь час акупацыі адзін раз зайшоў пагрэцца — звычайны салдат. Сеў каля акна і пазіраў. Маці прапанавала бліноў, але ён адмовіўся. На наступны дзень яшчэ і сам нам хлеба прынёс».
Калі гета толькі стварылі, яўрэі маглі выходзіць. Яўген заходзіў на тэрыторыю. Кажа, сустрэў там суседзяў, якія да прыходу немцаў жылі на яго вуліцы.
«Не было яшчэ плоту і можна было заходзіць. Мне толькі трэба было на горку падняцца і ўжо ў гета. А колькі там народу было. Быў у пакоі, дзе жыў Кантаровiч. Мой былы сусед — стары дзед. Пагутарылі з ім трохі, ён пытаў пра свой дом, як там і што. Я сказаў, што яго бочку жалезную забралі суседзі і яшчэ пра некаторыя навіны распавёў. Пасля сышоў. Больш яго не бачыў ніколі.
Калі ўсіх яўрэяў вывезлі ў гета, было ціха. Але немцы ведалі, што ёсць тыя, хто схаваўся. І вось адзін такі яўрэй неяк вылез і пачаў бегчы з гары. Але яго пабачыў вартавы і адразу страляць. Той яўрэй дабег да рэчкі, і там немец яго забіў. Хлопцу каля 30 гадоў было. Два тыдні яго цела ляжала, ніхто не прыбіраў, усе баяліся".
Калі яўрэяў вывезлі, некаторыя гродзенцы пачалі бегаць на тэрыторыю былога гета і збіраць пакінутыя рэчы. Бралі мэблю і вопратку. Хтосьці знаходзіў і больш каштоўныя рэчы. Яўген таксама хадзіў.
«Пазней немцы ўжо не забаранялі мясцовым хадзіць на тэрыторыю былога гета. Прызначылі толькі „плату за выхад“ — той, хто штосці выносіў, мусіў заплаціць хіба дзве маркі. Аднаго разу, калі хлопцы вярталіся адтуль, сустрэлі нейкага афіцэра. Яны хутка пасаскоквалі ў яр, а немец пачаў чамусьці страляць. Куля патрапіла ў жанчыну, каторая выпадкова ішла побач. Суседкі стараліся ёй дапамагчы, лекавалі як маглі, але ў той хутка пачалася гангрэна, яна памерла. Так яе і пахавалі з нямецкай куляй на польскіх могілках».
Яўген кажа, што з усіх суседзяў-яўрэяў, якія жылі на яго вуліцы, вярнуўся толькі адзін чалавек. «Прыехаў недзе ў 1960-х гадах. Але дом яго знеслі, ён паглядзеў толькі і з’ехаў назаўсёды».
Пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года ў жывых засталося каля 50 яўрэяў (з 27 тысяч вязняў гета ў Гродне). Усе яны хаваліся ў час нямецкай акупацыі ў ваколіцах горада. Яшчэ каля 300 чалавек выжылі ў лагерах смерці і пасля вызвалення раз’ехаліся па розных краінах. У Гродне вярнуліся адзінкі. З былых вязняў сёння ў жывых застаўся толькі 91-гадовы Гаральд Гордан. Ён жыве ў ЗША.
Падчас акупацыі Яўген павінен быў ісці вучыцца ў першы клас, але вучыцца не было дзе.
«Падчас акупацыі ў Гродне не працавала ніводная школа. У 1942 годзе неяк сабраліся з настаўнікамі на сучаснай вуліцы Валковіча. Пасядзелі, пагутарылі, але на тых размовах спробы пачаць навучанне і скончыліся. Немцы не мелі мэты адукоўваць людзей на акупаванай тэрыторыі. Насельніцтва толькі для абслугоўвання патрэбна было. Беларус павінен быў ведаць табліцу множання, і ўмець распісацца. Навошта больш ведаў простаму рабу?»
У 1942 годзе акупацыйная ўлада дазволіла ў Гродне на сучаснай вуліцы Урыцкага стварыць беларускае таварыства. Там была і беларуская школа, куды запрашалі вучыцца праваслаўнае насельніцтва.
Бацька Яўгена пры немцах працаваў у Банькоўскага ў занёманскай частцы горада. Там быў магазін, а стары Пікаловіч рабіў сваю звычайную справу — пёк хлеб. Таму падчас акупацыі яго сям’я не галадала.
У ліпені 1944 года Чырвоную армію Яўген сустракаў, кажа, як родную. Пасля вызвалення ён адразу пайшоў вучыцца.
«Усе радаваліся вызваленню, ніхто не хацеў жыць пад немцамі. З прыходам новай улады дзяцей усіх узялі пад улік. Школы ізноўку паадкрывалі, мы з братам пайшлі вучыцца. Хадзілі ў чым было».
Пасля вайны бацька Яўгена працягнуў печ хлеб. Маці працавала ў сталовай поварам.
«Я па сканчэнні школы пайшоў у тэхнікум фізкультуры. Пасля — у войска, у Германіі служыў. Потым пайшоў працаваць на завод аўтамабільных агрэгатаў, 41 год аддаў гэтай працы».
Зараз Яўген Фёдаравіч на пенсіі і жыве ў сямейным доме на вуліцы Рабочай. Займаецца гаспадарскімі справамі, вайну ўспамінае не часта. Але жыццё ля былога гета i сінагогі часам прымушае ўспамінаць дзяцінства.
Чытайце таксама: «Бацька ведаў 8 моў, жылі ў шыкоўнай кватэры». 90-гадовая Леакадзія Міцкевіч пра жыццё ў Гродне 1930−40-х
Гродненский форум существует больше 20 лет и обновляется до сих пор. Люди все еще ищут…
В Гродно работает ресторан «Белосток», а в польском Белостоке — бар Grodno. В 1974 году…
Гродненские контролеры - самые суровые, а пассажиры - самые дружные. Талончик можно на выходе из…
Утром гродненка Людмила Юрахно, как обычно, ушла на работу, но домой вернулась только спустя полгода.…
Гродненцы жалуются, что многие заведения в городе выглядят одинаково. Например, некоторых разочаровали рендеры интерьеров мясного…
Почувствовать таинственную атмосферу Хэллоуина можно в разных местах Гродненщины: в регионе множество заброшенных усадеб, старинных кладбищ, руин замков…