Гэтым разам 260-кіламетровы маршрут аб’яднаў 12 цікавых месцаў у ваколіцах Гродна. Хочаце пабачыць палац, праз які растуць беларускія джунглі ці дзіўнай прыгажосці храмы? А можа вас цікавяць драўляныя млыны і падвясныя масты? Ці закінутыя помнікі савецкай эпохі? То самы час паўтарыць маршрут Hrodna.life у бліжэйшыя выхадныя. Пакуль межы зачынены, даведаемся, як #ЖывеСабеБеларусь.
Планавалася, што першым прыпынкам маршруту будуць Масты. Ажно не. Мы знайшлі цікавосткі раней, чым думалі, седзячы на канапе. Прыпыніліся ля царквы пры дарозе, каб зрабіць некалькі здымкаў.
Гістарычная даведка. Царква Раства Багародзіцы каля вёскі Пладовая пабудавана з цэглы ў 1876−1879 гадах у рэтраспектыўна-рускім стылі. Храм узвялі на месцы старой драўлянай царквы паводле праекту архітэктара А. Лазінскага.
Пасля азірнуліся і пабачылі яшчэ адзін паварот. Уздоўж стаялі старыя ліпы, а ўдалечы віднелася старая цагляная сцяна. Цікаўнасць не дала абмінуць нечаканую знаходку.
Гаспадары дома, Марыя і Уладзімір Заботкіны, расказалі, што жывуць у доме 50 гадоў і атрымалі жыллё ад саўгаса.
«Нічога мы не знаем, адно што раней тут княгіня жыла. Таму і брама і ўсё астатняе, — патлумачыў гаспадар. — Быў палац княгіні ў парку. Зараз там няма нічога. Толькі ўсё ходзяць, шукаюць нешта з мінаіскацелямі».
Гаспадар махнуў рукою у бок парку. Мы скіраваліся ў туды, шукаць адказы на яго загадкі.
Дарога вывела да яшчэ адных старых пабудоваў. Тут мы пазнаёміліся з Генрыхам Мысліўцом. Ён фермер. Вырошчвае тут гародніну і трымае пасеку.
«Гэта былая сядзіба Друцкіх-Любецкіх, — патлумачыў ён наконт „княгіні“ і „палаца“. — Тут у іх была аранжэрэя. Там навоз закладвалі ў ямы, каб цяпло ішло ад распаду арганікі. Там купал быў шкляны — гадавалі кветкі. Нават зімой мелі жывыя ружы».
Гістарычная даведка. Сядзіба Друцкіх-Любецкіх, вёска Черлёна (Пладовая). Мясцовасць у 1799 набыў князь Францішак Друцкі-Любецкі. Ён пабудаваў вялікі драўляны двор, які стаў маёнткам яго сям'і на 100 гадоў. Апошнімі ўладальнікамі сядзібы былі Уладзіслаў Друцкі-Любецкі (1864−1913) жанаты на Марыі Замойскай, а пазней іх дзеці Тэрэза і Яніна. Іншыя маёнткі роду Друцкіх-Любецкіх былі ў Шчучыне, Новым Полі і Шэметаве.
Генрых узяў зямлю з развалінамі ў арэнду. Казаў, калі дабраўпарадкавалі пляц, знайшлі цэлую сістэму напаўразбураных падземных хадоў і інжэнерных збудаванняў. Чуў, што раней падземныя хады ішлі ад палаца да капліцы, аранжарэі, гаспадарчых забудоваў і нават да царквы. Але зараз ад палаца няма і сляда. «Толькі кавалкі цэглы і кафлі ў яры. Адчуваецца, што некалі было багата».
Цагляная брама, якая прывяла на да былой сядзібы, некалі вяла да сямейнай капліцы-ўсыпальніцы Друцкіх-Любецкіх. Яе разбурыла выбухам падчас вайны. «На тых фундаментах дом і паставілі. Хто там што глядзеў пры Саветах», — расказаў Генрых.
Найлепш з усёй сядзібы захаваліся гаспадарчыя пабудовы і стайні. Зараз у стайнях месціцца кантора фермерскай гаспадаркі. «Была канюшня на 100 коней, а зараз кабінеты. Вокны высокія і сцены во якой таўшчыні. Відаць, што рабілі на вякі».
Апроч стайняў быў у гаспадарцы Друцкіх-Любецкіх яшчэ спіртзавод і падвалы, дзе рабілі сыр. Рабочыя жылі побач у службовых дамках на чатыры сям'і. Домікі стаяць дагэтуль. Праўда, цяпер іх выкарыстоўваюць з большага як лецішчы.
«У гэтай хаце наша бабуля жыла, 1901 года нараджэння. Ёй калгас дом даў, Чарлёна. Расцілі яны вішні, агрэст, смародзіну, гародніну розную, — расказвае гаспадыня аднаго з домікаў, гродзенка Ірына Кашкайла. — А да савецкага часу быў маёнтак».
Бабуля расказвала, што мама мая, 26-га года нараджэння, ды іншыя дзеці з вёскі, гулялі з панскімі дзецьмі. Ніхто нікому не забараняў. Некалькі гадоў таму прыязджалі ўнукі ці праўнукі тых, што з маёнтка. Хадзілі тут, здымалі. Але ўжо мала што засталося".
Гістарычная даведка. У невялікім горадзе на Нёмане — 7 мастоў. Найбольш адметны — пешаходны. Яго пабудавалі ў 1972 годзе і аднавілі ў 1995. Мост мае даўжыню 193,3 метры і шырыню 1,5 метра. Гэта адзіны вялікапралётны пешаходны мост у Беларусі.
Чыгуначную станцыю ў Мастах адкрылі ў 1886 годзе. У той самы перыяд пабудавалі вакзал.
Гістарычная даведка. Касцёл Маці Божай Ружанцовай у Песках. Помнік архітэктуры XIX стагоддзя. Першы драўляны касцёл у Песках пабудавалі ў 1782 годзе, пры Сапегах. Ад яго да нашага часу захаваўся толькі літы звон. Неагатычны храм з цэглы і бутавага каменю ўзвялі на месцы старога ў 1915 годзе. Цэнтральная вежа-званіца была разбурана артабстрэлам падчас Другой сусветнай. Пасля вайны у касцёле быў склад. Вярнулі храм вернікам у 1989. Рэстаўрацыя касцёла ішла да 1997.
«Царква ў нас даўней стаяла. Касцёл пачалі будаваць у 1905-м, а ў 10-м скончылі, — расказаў мясцовы жыхар Станіслаў Гецольд. — Ад 1991 года аднаўленне пачалося. Раней там быў склад, тытунь прынімалі. Тут усе тытунь вырошчваюць».
Гістарычная даведка. Царкву Святога Мікалая збудавалі ў 1870 годзе, побач са старым драўляным храмам. У савецкі час не зачынялася.
У цэнтры вёскі, каля крамы, захаваліся гаспадарчыя пабудовы XIX стагоддзя. «Тут была чарапярня, а потым зернесклад. А яшчэ раней млын быў, потым турбіна стаяла і трансфарматарная станцыя», — расказаў мясцовы жыхар Анатоль Варановіч.
На чарапярні за савецкім часам рабілі чарапіцу з цэменту. Пасля вайны не было чым крыць дахі. «Жалеза дарагое, а шыферу яшчэ не было. То ўсе бралі гэту чарапіцу, я сам браў.»
Пра рэчку Зяльвянку, што зараз цячэ малым ручайком, мужчыны ўзгадваюць — некалі была вялікая рака.
«Лазні тут былі яўрэйскія і басейны з падагрэвам, — кажа Варановіч. — Яшчэ пацаном быў, то мы ваду качалі у гэтыя лазні. Да 60-х гадоў яны працавалі. А як асушылі балоты, пазасыхала ўсё, вада спала. З лазняў тры кватэры зрабілі».
Да крамы гэтым часам пад’ехаў фургон з прадуктамі. «Вось і малака дачакаўся, пакуль з вамі размаўляў. А то хацеў з пустымі рукамі дахаты ісці», — развітваецца Варановіч. А мы едем далей.
Гістарычная даведка. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Плябанаўцах заснавала Бона Сфорца ў 1550 годзе. Сучасны драўляны храм пабудаваны ў 1740, на самым высокім месцы ў акрузе. Фінансавала будаўніцтва храма, а пасля, у 1841 і яго рамонт, сям’я Біспінгаў. Пры касцёле знаходзяцца іх сямейныя грабніцы.
Сядзіба Біспінгаў знаходзіцца зусім блізка, у Струбніцы.
Ад дарогі відаць найперш гаспадарчыя пабудовы з «удасканаленнямі» савецкай гаспадаркі. Паўз іх у лес вядзе брукаванка. Праз некалькі крокаў мы трапілі у паселішча, зарослае ляснымі джунглямі.
— Позна фатаграфіруеце, — кідае на хаду выпадковы мінак. — Тут арка красівая была. Ужо абвалілася.
— А што яшчэ тут было?
— Сядзіба паноў Біспінгаў. А больш не ведаю, не пры мне было.
Гістарычная даведка. Сям’я Біспінгаў перасялілася ў ВКЛ з Вестфаліі ў XVIII стагоддзі. Верагодна, што Струбніца — іх найстарэйшая рэзідэнцыя. Тут была выдатна пастаўлена эканоміка і віравала грамадскае жыццё. Апошні гаспадар сядзібы, Казімір Біспінг, быў вайскоўцам, служыў у царскай і польскай арміях. У сям'і Казіміра было трое дзяцей. У кастрычніку 1939 яго арыштавала НКУС. Казімір Біспінг сядзеў у турмах Гродна, Ваўкавыска і Мінска. У лютым 1941 асобая нарада НКУС асудзіла яго за «ўдзел у барацьбе з Чырвонай арміяй» да 8 гадоў калоніі і 3 гадоў пазбаўлення правоў. Казімір Біспінг загінуў у адным з лагераў у Рэспубліцы Комі. Рэабілітаваны ў 1993.
Будынкі сядзібы пасля вайны належалі мясцоваму калгасу. У 1960 сядзіба пацярпела ад пажару. Да нашых дзён захаваліся млын, бровар і гаспадарчыя пабудовы.
На турыстычных мапах звычайна адзначаюць 6 цікавосткак Росі - касцёл, царкву, домік садоўніка, сінагогу, сядзібу Патоцкіх і 5-павярховы млын. Мы пайшлі іх шукаць. З трыма пунктамі ў цэнтры справіліся лёгка.
Гістарычная даведка. Царква Святой Жываначальнай Тройцы ў Росі. Першыя ўзгадкі пра царкву ў Росі датаваныя 1569 годам. Той храм, што стаіць зараз, пачалі будаваць у 1908 годзе. У гэтай царкве ў 1921−1925 гады служыў святар Кіпрыян Клімуца, якога ў 2011 годзе далучылі да ліку святых Беларускай Праваслаўнай царквы.
Гістарычная даведка. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Касцёл у Росі пабудавалі ў 1801. Ён вядомы цудатворнай скульптурай Хрыста Журботнага. Паводле легенды, мясцовыя рыбакі вылавілі яе ў рэчцы. Яшчэ адна цікавостка касцёла — мармуровае надмагілле — саркафаг удавы Фелікса Патоцкага, Соф'і Вац у бакавым алтары. Гэта скульптура работы Джуліа Маскеці. Соф’ю ўганаравалі за ахвяраванне сродкаў на адбудову касцёла пасля пажару 1852 года. У савецкі час касцёл дзейнічаў. Ад 2001 года ў жніўні сюды штогод прыходзяць пілігрымкі.
Знайсці сінагогу аказалася не так проста. Чамусці яе не было на месцы, пазначаным на мапе. Дапамаглі толькі роспыты ў мясцовых. Апынулася, што яна стаіць на месцы. Толькі пазнаць сінагогу зараз цяжка.
Гістарычная даведка. Мураваную сінагогу ў пасёлку Рось пабудавалі ў 1910 годзе на месцы згарэлай драўлянай. Будынак перажыў Другую сусветную і да 1989 захоўваў першапачатковы выгляд. Спачатку ў сінагозе быў кандытарскі цэх, потым кафэ, а зараз крама.
Ля сядзібы Патоцкіх мы перапынілі мясцовага жыхара. Ён назваўся Эдуардам Матысікам і трохі распавёў нам пра гэтае месца.
«Раней тут паны жылі, а потым была саўгасная кантора. А гэта ўжо мы самі строілі - абводіць ён позіркам вуліцу.
Эдуард распавёў, што нарадзіўся ў суседняй вёсцы Цярэшкі, а ў Росі жыве ад 1958 года, па вяртанні войска. «Я ў Маскве служыў 3 гады і 4 месяцы. Маскву строіў. Ну і тут паслалі на стройку».
Пра бюсты Маркса і Леніна перад былой сядзібай Матысік кажа: «Мы ставілі. Бо далі нам».
Пра гэту падзею ён расказаў яшчэ адну гісторыю. Маўляў, быў у іх брыгадзе адзін чалавек, каторы адмовіўся ўдельнічаць ва ўстаноўцы правадыроў пралетарыята:
«Адзін са мной разам работаў на стройцы. Ён адсядзеўшы. Папаў як быў пажар, яму і прысудзілі. Мы зацягвалі іх, ставілі Маркса і Леніна. А ён кажа: „Я не буду“. Бо са мной сядзеў студэнт, якому за такое далі 20 гадоў. Паслалі, каб бюст Леніна прывёз, невялікі. А ён, не падумаўшы, малады — ўзяў рамушок, зацягнуў у Леніна на шыі, перакінуў за плечы і панёс. Панімаеце, што б не ўпасці, не пабіць. І яму за эта 20 лет. За іздзевацельства над важдзём. То наш кажа: „Я не буду. Тут пастаю“».
Гістарычная даведка. Сядзібу ў Росі з ХVI стагоддзя будавалі графы Патоцкія. На пачатку ХХ стагоддзя яна перайшла да Браніцкіх. Першапачатковы выгляд сядзібы захаваўся на малюнках Напалеона Орды. Зараз ад сядзібы засталіся руіны. Праз дарогу ад пабудовы — самы вялікі ў Беларусі вадзіны млын. Водная сістэма была часткай вялікага парку.
Праязджаючы паўз «беларускія Мальдзівы» можна смела праязджаць міма. Кар’еры прызнаныя небяспечнымі і доступ да іх забаронены. На ўездзе стаяць дзяжурныя, дарога перакрыта. Адзначаем гэта месца маршруту толькі здымкамі з дрона.
У дарозе нас напаткаў дождж і было крыўдна, што надвор’е перашкодзіць агляду. Ажно, як па чароўным загадзе, сцяна дажджу раступілася якраз пераз Шылавічамі. І мы пабачылі велічны храм — касцёл Святой Тройцы.
Гістарычная даведка. Касцёл Святой Тройцы ў Шылавічах — адзін з самых высокіх храмаў Беларусі. Вышыня вежаў касцёла сягае да 60 метраў. Храм будавалі ад 1907 па 1914 года, замест старога драўлянага касцёла, што стаяў ад 1600 года. Адметнасцю касцёла ў Шылавічах была пісаная на дошцы ікона Маці Божай, абыякавай да д’ябла. Яна лічылася цудадзейнай. За савецкім часам у храме 40 гадоў быў склад. Цудадзейны абраз знік. Яго знайшлі у 1993 годзе. Зараз ікона захоўваецца ў Нацыянальным музеі. Храм вярнулі вернікам у 1989 і паўторна асвяцілі ў 1993.
Даўняя слава Мсцібава звязаная з імем Стэфана Баторыя. Тут у 1576 годзе праходзіў сеймік ВКЛ, на якім шляхта падтрымала яго на трон Рэчы Паспалітай.
Назва мястэчка ідзе ад князя Мсцібога. Мястэчка і сам князь упершыню ўзгадваюцца ў летапісах у 1202 годзе.
Гістарычная даведка. Касцёл у Мсцібаве існаваў ад 1485 годза. Ён двойчы згарэў і шмат разоў перабудоўваўся. У 1910 стары касцёл разабралі, а на яго месцы пачалі будаваць новы. Спонсарам быў Эдвард Талочка з Вердаміч. Кіраваў будаўніцтвам інжынер Дзеконскі. У 1922 годзе касцёл афіцыйна асвяцілі. Званіца перад храмам стаіць ад 1900 года. У 1943 фашысты растралялі ксяндза касцёла Марка Бурака і 50 прыхажан парафіі. Пасля вайны святара перапахавалі каля касцёла.
Гістарычная даведка. Касцёл Святога Міхала Арханёла. У 1524 годзе сужонкі Ян і Эльжбета Шэмятовічы заклалі ў Гнезне, на месцы драўлянага касцёла, новы храм. У XIX-м стагоддзі падчас рэстаўрацыі каля касцёла знайшлі ахвярныя камяні. Імаверна, у дахрысціянскія часу на гэтым месцы было паганскае капішча. Ад 1555 года напрацягу амаль 100 гадоў храм быў кальвінскім зборам. У 1643 годзе касцёл вярнулі католікам. У час войнаў касцёл быў крэпасцю для абароны і прытулку жыхароў. У сценах храма захрасла гарматнае ядро. Касцёл закрылі ў 1968 годзе. Будынак выкарыстоўвалі пад склад. У 1989 яго вярнулі католікам.
Гістарычная даведка. Дом Баграціёна. Знайсці гэту цікавостку Ваўкавыска вельмі проста — перад домам усталяваны бюст. Зараз у доме месціцца ваенна-гістарычны музей. У 1812 — была штаб-кватэра расійскага генерала Пятра Баграціёна. Пазней — гарадской шпіталь і дом састарэлых. Музей пераехаў у Дом Баграціёна ў 1950 годзе. У гэты ж год усталявалі бюст перад галоўным фасадам.
Гістарычная даведка. Царква Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Ваўкавыску. Храм пабудавалі ў 1874 годзе ў самым цэнтры горада. Раней на гэтым месцы былі праваслаўныя могілкі з капліцай, якую разбурылі французскія войскі ў 1812 годзе. У 1919-м, пры польскай уладзе, з царквы прыбралі купалы і перарабілі яе ў гарнізонны касцёл. Падчас другой сусветнай у храме была казарма са шмат’яруснымі нарамі. Пазней тут месціўся ваенны склад. У 1941 царкву перадалі вернікам. За савецкім часам царква не зачынялася.
Гістарычная даведка. Касцёл Святога Вацлава ў Ваўкавыску. Першы каталіцкі храм з’явіўся ў горадзе 1430 годзе. Спонсарам пабудовы быў князь Вітаўт. Сучасны касцёл пабудавалі ў 1848. Сродкі на яго збіралі мясцовыя жыхары, шмат ахвяраваў святар Ян Ленікоўскі. Адметнасць храма — абразы ХVIII стагоддзя «Нараджэнне Хрыста» і «Святы Казімір». У 1930-х гадах правялі рэстаўрацыю храма — па баках франтона надбудавалі дзве вежы. Пасля Другой сусветнай вайны мясцовыя жыхары аднавілі храм сваімі сіламі. За савецкім часам касцёл не спыняў служэння.
Мы дабраліся да касцёла ўжо вечарам на закаце. Ён быў зачынены, але пры касцёле пабачылі жанчыну. Гэта была Алена Клім. Яна адчыніла дверы, каб паказаць нам храм.
Алена дапамагае пры касцёле 15-ы год. Зараз прыглядае за храмам і па начах. «Перш страшна было, а потым прысвойчылася. Цяпер ужо прывыкла». Яна расказала, што цяпер у касцёл ходзіць менш людзей, бо «каранавірус і невядома калі скончыцца».
Сама яна часам слухае імшу па тэлевізары, бо мае некалькі польскіх каналаў. «Званю сяброўцы, у яе няма тэлевізара. І яна са мной праз слухаўку імшу чуе».
Ваўкавыскі касцёл — апошні пункт нашага падарожжа. Вяртаемся дадому ў Гродна, планаваць наступнае падарожжа.
Гродненский форум существует больше 20 лет и обновляется до сих пор. Люди все еще ищут…
В Гродно работает ресторан «Белосток», а в польском Белостоке — бар Grodno. В 1974 году…
Гродненские контролеры - самые суровые, а пассажиры - самые дружные. Талончик можно на выходе из…
Утром гродненка Людмила Юрахно, как обычно, ушла на работу, но домой вернулась только спустя полгода.…
Гродненцы жалуются, что многие заведения в городе выглядят одинаково. Например, некоторых разочаровали рендеры интерьеров мясного…
Почувствовать таинственную атмосферу Хэллоуина можно в разных местах Гродненщины: в регионе множество заброшенных усадеб, старинных кладбищ, руин замков…