10 гадзін, 15 месцаў і 225 кіламетраў змяшчаюцца ў адзін выхадны дзень. Праверана. Сёлета нельга паехаць да мораў і гор. Гэта мінус. Затое ёсць нагода для падарожжаў па родных мясцінах. І гэта плюс.
Hrodna.life працягвае падарожжы па Гродзеншчыне. Мінулым разам мы праехалі палову маршрута і спыніліся ў Воўпе. Цяпер нас чакаюць Рэпля, Бераставіца і насычаная зваротная дарога ў Гродна. Далучайцеся!
У гэтым артыкуле мы сабралі пункты маршрута ад 8 да 15. Першыя 7 пунктаў шукайце тут.
-8-
Мы едзем у Рэплю паглядзець на касцёл Дзевы Марыі. Яго відаць здалёк — праз палі на фоне вечаровага неба гатычны храм велічна ўзвышаецца над паселішчам.
Гістарычная даведка: касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Першы касцёл у Рэплі збудавалі ў 1626 годзе, калі гэтыя землі належалі Юрыю Спіцыёну, паслу Рэчы Паспалітай у Сейме. Сучасны касцёл збудавалі на гэтым месцы ад 1902 да 1909. Гэта цагляны неагатычны храм з дзвюмя вежамі.
Калі атрымаецца патрапіць у сам касцёл, звярніце ўвагу на сцены. На іх ёсць адбіткі далоняў, пакінутыя будаўнікамі храма. Невядома, зрабілі іх выпадкова ці наўмысна, але з часам яны сталі яшчэ адной цікавосткаю храма.
Касцёл у вёсцы Рэпля дзейнічаў з невялікім перапынкам нават за савецкім часам.
Ля касцёла нам сустракаюцца двое мясцовых мужчын. Маладзейшы назваўся Ігарам, ён працуе на пілараме. Старэйшы Гена — пенсіянер.
-А нас сфатаграфуеце?
-Чаму не, давайце, — так і пачынаецца размова.
«Прыгожы наш касцёл, — кажа Гена. — Я калі маленькі быў, мы з татам едзем тут на кані, рабая кабылка была ў нас, і я пытаю: „Тата, гэта Масква?“. Ён смяяўся. „Не, — кажа, — гэта наш касцёл“. Харошы касцёл. Многа сюды прыязджаюць. Нават здалёк».
Распытваем, што яшчэ варта паглядзець у ваколіцах Рэплі, і даведваемся пра сядзьбу памешчыкаў Залютынскіх.
Ігар кажа, што там да гэтага часу «шукаюць золата».
-А што, было золата? Раскажыце.
-Чуеш? Жэншчына золата ішчэт! А ў вас металашукальнік ёсць?
-Не. Толькі фотаапарат.
-Тут многія шукаюць. Кажуць, што знаходзяць. А як жа вы будзеце золата шукаць без металашукальніка?
-Можа вы раскажаце?
-Я? Не раскажу!
Відаць, што «золата Залютынскіх» для мясцовых — нагода для жартаў з турыстамі. А ці было тое золата? Можа і не было. Мы не шукалі - чакала дарога.
-9-
Мы кіраваліся ў Вярэйкі, каб пабачыць касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі. За час існавання ён быў касцёлам, царквой і саўгасным зернасховішчам. Зараз тут ізноў ідуць службы.
Гістарычная даведка: Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі
Дазвол на будаўніцтва касцёла мясцовыя вернікі ўпершыню атрымалі ў 1826 годзе. Праект для яго з Санкт-Пецярбурга. Фундатарам будоўлі быў уладальнік маёнтка Вярэйкі, стацкі саветнік Аляксандр Свечын. Ён быў праваслаўным, але змог даказаць уладам мэтазгоднасць будаўніцтва каталіцкага храма. Кажуць, зрабіў гэта дзеля каханай жонкі-каталічкі. У гонар фундатара у Вярэйках усталяваны мемарыяльны крыж. Ён знаходзіцца праз дарогу, леваруч ад касцёла.
Пасля паразы паўстання Каліноўскага касцёл аддалі праваслаўным. Вярнулі храм каталікам у 1921. 1952 года касцёл зачынілі, а будынак перадалі мясцоваму саўгасу пад зернесховішча. Вярнулі храм каталікам толькі ў 1990.
Касцёл у Вярэйках — помнік архітэктуры позняга класіцызму.
Зусім побач з касцёлам — дом культуры. Яго цяжка абмінуць за кошт надпісу «Искусство принадлежит народу». Прынамсі, гэта наводзіць на думкі.
-10-
Гістарычная даведка: Касцёл кармелітаў
Місія манахаў-кармелітаў з’явілася ў мястэчку ў 1615 годзе. Першы іх касцёл быў драўляным. Мураваны касцёл тут з’явіўся ў 1741. Пазней пры касцёле існаваў шпіталь і школа. Над галоўным алтаром касцёла была замацавана металічная урна з сэрцам гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча .
Ёсць згадкі, што ў скляпеннях касцёла друкавалі газету паўстанцаў Каліноўскага «Мужыцкая праўда». Пасля паразы паўстання храм перадалі праваслаўным. У міжваенны час касцёл вярнулі каталікам.
Савецкая ўлада закрыла касцёл у 1963 годзе. Будынак выкарыстоўвалі для гаспадарчых і адміністрацыйных патрэбаў. Тут быў склад, а ў канцы 1980-х — магазiн мэблi.
У 1990 годзе касцёл ізноў перадалі вернікам. Планавалася рэканструкцыя храма. У 1992 падчас пажару згарэў дах будынка і абрушыліся скляпенні. З таго часу ён стаіць у руінах.
«Вы з дрона здымаеце, так? Я бачыла Бераставіцу з дрона, прыгожа. А так глядзіш — штатны гарадзішка», — да нас падышла мясцовая жыхарка Святлана Арэшкіна.
«Каб не савецкая ўлада, то стаяў бы, — кажа яна пра касцёл. — Некалі мы ўсім раёнам збіралі грошы на яго аднаўленне. Ужо рыштаванні стаялі. А потым хіба падпаліў нехта. Пасля пажару ўсё пашло рушыцца. Шкада», — кажа Святлана. Яна параўноўвае бераставіцкі касцёл з храмамі Кракава.
Да Святланы падышла ўнучка, што прыехала да бабулі «на клубніку». Час разыходзіцца. А мы едзем далей, на Малую Бераставіцу.
-11-
Гістарычная даведка: Касцёл Святога Антонія Падуанскага
Пабудаваны ў 1863 годзе і амаль адразу закрыты царскімі ўладамі. Прычына: у касцёле зачыталі паўстанцкі маніфест, а ксёндз дабраславіў паўстанцаў. Храм перадалі праваслаўнай царкве. Вярнулі храм католікам у 1919, калі Малая Бераставіца ўваходзіла ў склад Польшчы.
Неўзабаве пасля Другой сусветнай здарыўся пажар. Аднавілі храм толькі ў 1990 паводле малюнкаў Напалеона Орды 1868 года.
Гістарычная даведка: Царква Святога Дзімітрыя Салунскага ў Малой Бераставіцы
Пабудавана ў 1866 годзе на месцы былой уніяцкай царквы. Пабудова адносіцца да так званых «мураўёвак» — цэркваў, што пачалі паўсюдна будаваць пасля паўстання пад кіраўніцтвам Каліноўскага. Аўтарам праекту быў губернскі архітэктар Восіп Міхаэліс.
-12-
Гістарычная даведка: Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Алекшыцах
Пабудавана ў 1865—1871 гадах з цэглы. Гэта помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аўтар праекта — Віктар Міхаэліс.
-13-
Паміж Алекшыцамі і Індурай ёсць месца, якое цяжка абмінуць увагай — «птушынае» балота ў пойме Свіслачы.
Гэта месца мае міжнародны статус тэрыторыі, важнай для птушак. Тут cустракаецца больш за 200 відаў пярнатых і каля 250 відаў сасудзістых раслін.
Сярод тутэйшых птушак 40 чырвонакніжных відаў - вяртлявая чаротаўка і вялікі грыцук, сокал падарожнік і стэпавы лунь, белавокі нырок і вялікі савук.
Калі не спынішся ля балота, заўжды пабачыш нейкія птушыныя цікавосткі.
-14-
Здалек відаць купал індурскага касцёла. З архітэктурных цікавостак тут трэба адзначыць яшчэ царкву і сінагогу. Таксама цікава зайсці на старыя яўрэйскія могілкі XVIII стагоддзя. Яны месцяцца на ўскрайку вёскі.
У цэнтры вёскі яшчэ можна пабачыць пабудовы з каменнымі сценамі з вялікіх валуноў. Ля адной такой пабудовы мы разгаварыліся з мясцовымі мужчынамі.
— А што тут раней было?
-Раней — сяльпо. А што ад пачатку і не ведаю, трэба некага старэйшага распытаць, — кажа Іван Басевіч.
-Нешта яўрэйскае мабыць. Тут шмат чаго яўрэйскага засталося, — дадае Сяргей Тоўсцік, -сінагога ёсць і школа.
-Вам бы ў старэйшых каго запытаць, — ізноў раіць Іван.
Абодва яны нарадзіліся недалёка ад Індуры, тут жывуць больш за 20 гадоў. Распытваем іх пра іншыя мясцовыя цікавосткі.
-Тут у нас царква ёсць, касцёл прыгожы і сінагога. Да касцёла людзі ходзяць і ў царкву. Толькі сінагога закрытая. Калісці ў нас жыды былі, яўрэі значыць. Індура была яўрэйскім мястэчкам. Зараз няма іх, то для каго рамантаваць? Стаіць закінутая. Яшчэ ў нас яўрэйскія могілкі ёсць. Бачылі?
Іван перапрашаецца, за тое, што няшмат ведае з краязнаўства: «То праца, то гаспадарка. Во — [паказвае на мех з травою] трэба трусоў карміць».
«Гісторыя толькі ў школе ёсць, — далучаецца Сяргей, — там уся запісана ў музеі ў школьным. А ў нас работы — во! У выхадныя траву косім — так адпачываем-загараем».
У гэты час чуецца гук трубы.
Што гэта, — пытаемся.
-Гэта ў нас на касцёле кожную гадзіну труба грае. Толькі раніцай зараз няма музыкі. Каб дзяцей не будзіць на канікулах. А так — ад паловы на дзявятую — кожную гадзіну, — тлумачаць мясцовыя.
Вось табе і вёсачка! Сапраўдная Еўропа! Едзем да кацела.
Гістарычная даведка: Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Індуры Першы храм збудавалі ў 1522 года. У 1815 годзе парафіянае пабудавалі замест драўлянага новы мураваны касцёл.
Рэканструкцыя касцёла 1901—1904 гадоў значна змяніла выгляд храма. Ён набыў рысы эклектыкі з элементамі неабарока і неакласіцызму. Аўтарам праекта рэканструкцыі быў гродзенскі губернскі архітэктар Вільгельм Срока.
Пры савецкай уладзе касцёл дзейнічаў і быў адзіным у Беларусі, дзе служылі айцы-езуіты.
Важная святыня храма — цудадзейная ікона Маці Божай Індурскай. У двары касцёла збудавалі «Грот Марыі» і ўсталявалі драўляныя скульптуры Ісуса і Панны Марыі ды слупы-каплічкі.
-15-
Гістарычная даведка: Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Першы касцёл у Адэльску з’явіўся ў 1490 годзе. Фундатарам пабудовы быў вялікі князь і кароль Казімір Ягелончык. Касцёл, які можна пабачыць сёння, збудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Гэта драўляны храм у стылі барока з элементамі народнага дойлідства.
На алтарах касцёла захаваліся выявы жывапісу XVIII стагоддзя.
У савецкі час касцёл не закрывалі.
У Адэльску нарадзіўся Тадэвуш Кандрусевіч (1946), архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Астафій Катовіч (1674 — 1687), вядомы як знаўца права, прапаведнік і тэолаг.
Традыцыйная кухня Адэльску у 2015 годзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
За час падарожжа мы засумавалі па каве. Знайсці яе ў вёсачках і аграгарадках аказалася няпроста. Недзе сталоўкі ці кавярні зачынены з нагоды эпідэмічнай сітуацыі, недзе летам праводзяць рамонт. Але на запраўках «Беларуснафты» кава заўжды ёсць. Можна пад’есці на месцы ці ўзяць каву з сабой.
Дарэчы, на ўпакоўках фрэнчбургераў тут таксама можна пабачыць гістарычныя цікавосткі Беларусі. Тут мы абнавілі і новую бонусную карту «Запраўка» — зарабілі першыя бонусы.
Апошняя кропка маршруту замыкае круг. Нас чакае Гродна і адпачынак ад адпачынку. Наперадзе — новыя маршруты.
Хватает ли в центре Гродно продуктовых магазинов? Споры об этом вызвало открытие на углу Советской…
Нарядная хвоя, свечи, новогодние венки и гирлянды, светлый или темный фон на выбор. Гродненские фотостудии…
Власти создали новую платформу “меркаванне.бел”. Ее позиционируют как онлайн-площадку, на которой каждый сможет в свободной…
Коллекция одежды гродненки Екатерины Корлатяну дебютировала этой осенью на Парижской неделе моды. А начиналось все…
Гродненец Роман Нагула почти полжизни работает с деревом. Школьником он начинал с бейсбольных бит, а…
Гродненка Анна Тарковская почти круглый год собирает травы, а потом плетет из них венки. За…