«Яна [кніга] сабрана з кавалкаў, з тысячаў дробных пазлаў. Іх трэба было знайсці, вызначыць, паставіць на сваё месца, дапасаваць адно да другога. Гэта мазайка гісторыі. Дзякуй Богу, яна сабралася», — распавёў Hrodna.life аўтар кнігі «Накрышкі. Летапіс Барыса-Глебскай царквы і краю». Кніга выйшла з друку ў пачатку лета.
Георгій Рой служыў святаром у Накрышках (Дзятлаўскі раён) ад 2007 да 2012 года. У гэты час і сабраў асноўны матэрыял для кнігі. Агулам ад пачатку працы над «Летапісам…» да яго публікацыі мінула 15 гадоў. Выданне выйшла накладам 200 экзэмпляраў. Аўтар плануе падрыхтаваць таксама электронную версію кнігі.
Публікацыю «Летапісу» аўтар прымеркаваў да 200-годдзя пабудовы Барысаглебскай царквы ў Накрышках. «Змяняліся дзяржавы, прайшоў цэлы шэраг пакаленняў. Але ўся гісторыя краю ўвесь час засяроджвалася вакол царквы. Тут мясцовых людзей хрысцілі, вянчалі, адпявалі», — кажа Рой. Таму ён мяркуе, што кніга — больш пра чалавечыя лёсы. Гісторыя царквы ў ёй паўстае праз біяграфіі святароў і фундатараў храма, аповяды прыхаджан пра традыцыі і адметнасці абрадаў, праз легенды і казкі краю, расказаныя мясцовымі жыхарамі.
«Накрышкі - гэта тая зямля і тыя людзі, якія прывялі мяне да беларушчыны. Тут я адчуў жывы сапраўдны магутны дух беларускага народа і беларускай культуры, пачуў самую сапраўдную — жывую, сакавітую беларускую мову. Судакрананне з гэтай гісторыяй дазволіла глыбей і больш усвядомлена паглядзець на гісторыю нашай краіны і нашага народу. Вельмі ўдзячны тым людзям, той зямлі і той гісторыі за такія важныя для мяне адкрыцці».
Чытай таксама: «Мы маем адказнасць перад Богам за захаванне той мовы, якую Ён нам даў«
Адны з герояў кнігі - сям’я Стравінскіх. «Гэта фундатары царквы. Яны шмат зрабілі для краю, стварылі тут сапраўдны асяродак культуры», — кажа Рой.
У Накрышках Стравінскія жылі ад XVIII стагоддзя да 1939 года. У іх маёнтку была вялікая бібліятэка, тут часта бывалі вядомыя дзеячы культуры. Мастак Станіслаў Чайкоўскі з жонкай прыязджаў у Накрышкі больш за 10 гадоў. Ваколіцы і людзі гэтага краю адлюстраваныя на шматлікіх яго карцінах.
У Накрышскую парафію ўваходзіла 23 вёскі. Іх гісторыя таксама ўвайшла ў кнігу. Георгій Рой кажа, што для сябе падзяліў вёскі на «палявыя», «пушчанскія» і «рачныя». На яго думку, размяшчэнне значна паўплывала на менталітэт, традыцыі і быт вяскоўцаў.
«Калі апісваў гісторыі весак, таксама пісаў, каго рэпрэсавалі, хто ваяваў у Першай і Другой сусветных войнах, хто загінуў. Запісваў аповеды людзей, шукаў дакументы, вывучаў царкоўныя метрыкі».
Рой адзначае, што гісторыя царквы ў Накрышках была цесна звязана з гісторыяй адукацыі. Адзін са святароў храма, Антоній Сокал-Кутылоўскі, былы ўдзельнік Слуцкага збройнага чыну, адкрыў у вёсцы беларускую школу. Дакументы пра яго дзейнасць Георгій Рой таксама прыводзіць у кнізе.
Зацікавілі святара этнаграфічныя і фальклорныя звесткі з гісторыі краю. Адну з мясцовых легендаў, пра паходжанне назвы вёскі Дзям’янаўцы, Рой пачуў у першыя дні служэння ў парафіі.
«От, бацюшка! І не ведае, чаму Дзям’янаўцы Дзям’янаўцамі называюцца?! — здзівіўся ў размове з новым святаром мясцовы дзед. — А пра Ноя ў бібліі чытаў? Дык вось. Калі пачаўся патоп, Ной збудаваў каўчэг і плаваў па вадзе, па паверхні. А Дзям’ян схаваўся пад човен і перачакаў, пакуль вада сыйдзе. Як патоп скончыўся, ён выйшаў з-пад чоўна і пабудаваў тут нашу вёску».
«Можна было б проста пасмяяцца з фальклору, з такой народнай творчасці. Але рэальна, гэта легенда гаворыць, што людзі жывуць тут з незапамятных часоў».
Апошняя частка кнігі - тры апавяданні. Гэта першая проба аўтара ў мастацкай літаратуры. «Кожная з гэтых гісторый мае свае загадкі і таямніцы. Думаеш, а што там магло быць насамрэч, як маглі працякаць падзеі. Гэтыя тры аповеды — спроба гістарычнай рэканструкцыі. Першы аповед звязаны з імем Яцка Ілініча, з якога пачалася гісторыя Накрышскай царквы».
Працу над кнігай Георгій Рой сумяшчаў са служэннем у царкве і выкладаннем у духоўнай семінарыі. Жыў ён у той час у Жыровіцах. Ад Накрышак яго аддзяляла каля 70 кіламетраў, ад часткі іншых вёсак парафіі - яшчэ больш. «Гэта было няпроста. Але людзі, што займаюцца гісторыяй, мяне зразумеюць. Бывае, як зачэпіць нешта, то ўжо не можаш жыць без гэтых пошукаў. Усё астатняе адыходзіць на другі план».
Па словах святара, яму пашанцавала, што «паспеў схапіцца за тыя самыя апошнія нітачкі, якія дапамаглі разгарнуць гісторыю». Ужо зараз многія людзі, чые вусныя ўспаміны ўвайшлі ў кнігу, пайшлі з жыцця. «Без іх дапамогі не змог бы аднавіць тыя імёны, той шэраг падзей».
Георгій Рой расказвае, што мара сабраць звесткі пра парафію ў кнігу была ў яго ад пачатку. «Быў малады, амбітны, хацелася гэта зрабіць. Але дзякуй Богу, што на той момант не атрымалася».
Святара перавялі служыць у Гродна, з’явіліся іншыя акалічнасці, што запаволілі працу. «Але гэтая тэма ўжо была са мной заўсёды», — кажа Рой. Інтэрнэт-сёрфінг, пошук інфармацыі і людзей, праца ў архівах — работа ішла ўвесь час.
«Магу сказаць, што гэта кніга — не „маладое віно“. Яна вытрыманая, правераная часам. Як не дзіўна, самыя цікавыя знаходкі, самыя грунтоўныя адкрыцці былі зроблены ў апошнія гады. Былі знайдзены першы інвентар Накрышскага маёнтку 1744 года, пропаведзь на асвячэнне Накрышскай царквы, што гучала 200 гадоў таму. Знайшліся нашчадкі рода Стравінскіх, яны перадалі інфармацыю і фотаздымкі з сямейнашга архіва. У рэшце рэшт склалася карціна. Калі б кніжка выйшла, скажам пяць год таму, гэтага б там не было».
«Кніга — як нараджэнне дзіцяці. Асабліва, калі так доўга працуеш. Тут радасць і ўдзячнасць Богу, што дапамог. Зараз прашу, каб не было самадавольства, ганарыстасці лішняй з тае нагоды. Канечне, калі выходзіць кніжка, гэта натхняе. Хочацца ўзяцца і яшчэ нешта напісаць», — кажа святар.
Чытай таксама: Адкуль у Гродне з’явілася невядомая дакладная копія Жыровіцкай цудадзейнай іконы?
Сярод тэмаў, з якімі зараз працуе Георгій Рой — старажытныя абразы Пакроўскага сабора, гісторыя разбуранага Сафійскага храма ў Гродне, гісторыя ўласнай сям'і. Апроч гістарычных тэкстаў ён займаецца і святарскімі кнігамі: «Шмат займаўся багаслоўскай навукай, гістарычнай літургікай, гімнаграфіяй, тлумачэннем тэкстаў са старажытна-грэцкай мовы, біблеістыкай. Шмат што зараз у такой стадыі, што трэба ўжо давесці да канца. Крышку супакоюся і вазьмуся».
Чытай таксама:
Хватает ли в центре Гродно продуктовых магазинов? Споры об этом вызвало открытие на углу Советской…
Нарядная хвоя, свечи, новогодние венки и гирлянды, светлый или темный фон на выбор. Гродненские фотостудии…
Власти создали новую платформу “меркаванне.бел”. Ее позиционируют как онлайн-площадку, на которой каждый сможет в свободной…
Коллекция одежды гродненки Екатерины Корлатяну дебютировала этой осенью на Парижской неделе моды. А начиналось все…
Гродненец Роман Нагула почти полжизни работает с деревом. Школьником он начинал с бейсбольных бит, а…
Гродненка Анна Тарковская почти круглый год собирает травы, а потом плетет из них венки. За…