Яна пачала пісаць, натхніўшыся паўстаннем Каліноўскага і стала першай беларускай, намінаванай на Нобеля. Пасля найвялікшага пажару яна ўзначальвала збор сродкаў на адбудову Гродна. На яе пахаванне прыйшоў увесь горад. Усё гэта — пра гарадзенку Элізу Ажэшка. Яе імем Hrodna.life пачынае навы спецпраект.
«Гарадзенская азбука» ад Hrodna.life — гэта 32 артыкулы пра цікавосткі Гродна. Кожнаму з іх адпавядае адна з літар алфавіту. А — Ажэшка, Б — Баторый, В — Вітаўт і так далей. У кожным артыкуле азбукі вы знойдзеце па пяць цікавых фактаў аб адметных гродзенскіх асобах, месцах ці з’явах.
1. Намінавалася на Нобеля за сто гадоў да Алексіевіч
Свае першыя творы Ажэшка пачала пісаць пасля паўстання 1863−1864 гадоў. На той час яна жыла ў Мількаўшчыне, дзе адкрыла школу для вясковых дзяцей. Першы твор Ажэшкі, апавяданне «Малюнак з галодных гадоў», надрукавалі ў 1866 годзе ў адным з варшаўскіх часопісаў.
У 1905 годзе Ажэшка вылучалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У той жа год намінаваўся і Леў Талстой, але тым разам Нобеля атрымаў Генрых Сянкевіч. Другі раз Элізу Ажэшка намінавалі на прэмію ў 1909 годзе. Але пераможцай тады стала Сэльма Лагерлёф.
Наступнай беларускай, намінаванай на прэмію, стала Святлана Алексіевіч. У 2015 годзе яна атрымала Нобеля і стала першай лаўрэаткай з Беларусі.
2. Распачала і ўзначаліла краўдфандынг для пагарэльцаў
Самы вялікі пажар за ўсю гісторыю Гродна пачаўся 10 чэрвеня 1886 года і доўжыўся тры дні. Шматлікія сем'і засталіся без дамоў - згарэла тры чвэрці горада. Ажэшка пісала пра тыя падзеі:
«Раз'юшанае полымя пераўтварае ў попел жыллё, а чалавечыя сэрцы ў руіны. Паветра напоўнена горкім дымам, адчайным набатам званоў, жудаснымі стогнамі і крыкамі. На вялікім Сенным рынку звалены горы хатніх рэчаў і вузлоў. Мітусяцца ашалелыя натоўпы смяротна перапужаных і плачучых людзей. Але вогнішча яшчэ не бачна. Тут размаўляюць пра яго, як аб жывой істоце. Прыйдзе ён сюды, альбо не? Куды з гэтымі напалаову знішчанымі набыткамі бегчы тады? Можа, затрымаць яго? У імгненне разрываючы крык заглушыў усе званы і гукі вайсковых труб: Прыйшоў! Вось яго ўжо бачым! Над нізкімі дахамі Сеннага рынка ўспыхнула яскравая свяча, вецер раскалыхвае яго ў розныя бакі, яна, набухаючы, расце, выкідвае вялізарныя клубы дыма. Прагучаў выбух, падобны на выстрал з гарматы, затым яшчэ некалькі, і ўсё патанула ў полыме …»
Пасля пажару пісьменніца ўзначаліла гарадскі камітэт па сборы сродкаў на дапамогу пагарэльцам і сама актыўна дапамагала пацярпелым.
3. Уратавала Траўгута, назваўшы братам
У 1863 годзе на тэрыторыі Беларусі ўспыхнула паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Ажэшка была адной з актывістак гэтага паўстання і актыўна падтрымлівала паўстанцаў. У траўні - чэрвені 1863 года яна хавала ў сябе аднаго з кіраўнікоў паўстання Рамуальда Траўгута. Пасля Ажэшка таемна пераправіла яго за мяжу пад выглядам свайго хворага брата. У той час арыштавалі мужа Элізы, Пятра Ажэшку. У сакавіку 1865 года яго выслалі ў Сібір. Фармальна — за тое, што не данёс уладам аб праходжанні паўстанскага атрада праз свой маёнтак.
4. Апісала каля 300 мясцовых раслінаў
Аліза Ажэшка цікавіласямясцовымі раслінамі і зёлкамі. У яе калекцыі больш за 228 гербарыяў. Сёння яе гербарыі можна ўбачыць у аптэцы-музеі ў Гродне каля Фарнага касцёла. Расліны захаліся так добра, што ніводзін пялёстак не апаў.
Падчас падарожжаў па Гродзеншчыне, пісьменніца распытвала знахарак і знахараў пра зёлкі, іх карысныя вартасці і варыянты прымянення, запісвала народныя назвы раслін. Пазней гэтыя нататкі сабраліся ў кнігу «Ludzie i kwiaty nad Niemnem» («Людзі і кветкі над Нёманам»).
5. Пахаванне Ажэшкі і прыгоды помніка пісьменніцы
Ажэшка памерла 18 траўня 1910 года. На развітанне з пісьменніцай прыйшоў амаль што ўвесь горад. Па некаторых дадзеных на пахаванні была каля 15 000 чалавек. Каб падтрымаць парадак, на вуліцы адправілі 88 паліцэскіх і конную варту. Але яны не спатрэбіліся. Парадак падчас пахавальнай працэсіі падтрымлівалі самі гарадзенцы. Элізу Ажэшка пахавалі на «старых» гродзенскіх могілках.
У горадзе першы помнік Ажэшцы усталявалі ў парку ў 1929 годзе. Яго прыбралі падчас вайны па загаду акупацыйных уладаў. Па адной з гарадскіх легендаў прыхільнікі пісьменніцы схавалі помнік на каталіцкіх могілках. У 1949 помнік вярнулі ў гарадскую прастору. зараз ён стаіць на скрыжыванні вуліц Ажэшкі і Тэлеграфнай.