Вазочнік з Ліды Аляксанд Аўдзевіч ужо некалькі месяцаў жыве на востраве Тэнэрыфе (Канарскія выспы). Тут скончылася яго кругасветнае падарожжа роварам World inclusive trip. Ён паспеў праехаць праз Грузію, Турцыю, Грэцыю, Італію, Іспанію. Відэа з вандроўкі ён выкладаў у сваім блогу на YouTube. На Тэнэрыфе Аўдзевіч пачаў пабудаваць дом, хоча адкрыць кавярню і, магчыма, дом адпачынку для вазочнікаў з Беларусі.
Ён хоча, каб беларусы з інваліднасцю маглі прыязджаць на Канары, бясплатна жыць, працаваць і, калі захочуць, не вяртацца ў Беларусь, «пакуль яна не стане рэальна свабоднай», расказаў ён выданню «Наша н**а».
У 2018 годзе Аўдзевіч заснаваў «Школу інклюзіўнага барыста», у 2020-м у Мінску пачала працу кавярня «Інклюзіўны барыста», дзе працуюць людзі з інваліднасцю, потым яшчэ адна. У Беларусі працуе щжо пяць таких устаноў. Таксама ў 2018 мужчына прыдумаў дабрачынны стартап «Две палоскі», каб грошы ад продажу лідскіх кедаў ішлі на дапамогу інвалідам і пажылым людзям. У 2019 па ініцыятыве Сашы Аўдзевіча ў Лідзе адкрылася першая ў Беларусі інклюзіўная крос-фіт зала.
Чытайце таксама:
Сваю кругасветку Аўдзевіч задумваў даўно. Для падарожжа ён падрыхтаваў хэнд-байк — ровар для тых, прызначаным для тых, хто не можа круціць педалі нагамі. У 2020 годзе перашкодзіў каронавірус, пасля ён зламаў спіну другі раз.
«Калі выйшаў з бальніцы, то ўсё вырашылася спантанна. Я паляцеў у Грузію, адтуль стартануў у бок Тэнэрыфе на ровары, куды паляцела мая дзяўчына Таццяна», — расказаў Аляксандр. Па дарозе жыў часам у намёце, часам людзі ахвяравалі яму грошы і ён мог дазволіць сабе гатэль. Уласныя грошы ад продажу машыны скончыліся ўжо ў Турцыі.
«Фактычна, я ўсё кінуў і проста паехаў, — кажа ён. — Бо проста псіхалагічна больш не вытрымліваў знаходзіцца ў Беларусі. Мне было цяжка маўчаць… Пачалася не мая гісторыя».
Падарожнічаць аднаму было не страшна. Галоўнымі праблемамі былі побытавыя: часам немагчымасць схадзіць у прыбіральню, кепская дарога. «Калі ровар захрасае ў брудзе на пустой дарозе і ты не ведаеш, ці праедзе тут хоць нехта яшчэ ў гэты дзень. Сувязі няма, людзей няма, проста чакаеш». Аляксанд кажа, што быў у розных кампаніях, але ніхто не спрабаваў яму нашкодзіць ці абрабаваць.
«Калі я прыехаў на Тэнэрыфе ў горад Лос-Крысціянас — гэта мясцовасць, якая яшчэ з 1950-х была курортам для інвалідаў-калясачнікаў — я там проста абалдзеў. Гэта горад, дзе недзе палова, а то і больш, менавіта калясачнікі. Горад прыстасаваны для іх, спецыяльныя гатэлі. І там я зразумеў: вось гэта мне падыходзіць». Хаця агулам востраў Тэнэрыфе Саша называе нязручным для калясачнікаў. Здымаць жытло на востраве дорага, таму ў выніку Саша паставіў намёт і жыве там з дзяўчынай.
«Мая дзяўчына — архітэктарка, і мы вырашылі пабудаваць тут купальны дамок, энерганезалежны, проста самі: з таго што ёсць, з таго, што зможам купіць. І пажыць тут, паспрабаваць папрацаваць».
Аляксандр і там марыць адкрыць кавярню «Інклюзіўны барыста». Ён кажа, што там «нават самая паганая шаўрмічная будзе мець такую прыбіральню для інвалідаў, якой у Беларусі не знойдзеш і ў лакшэры-рэстаране». Горад зарабляе менавіта на турызме для людзей з інваліднасцю з 1950-х, мае вельмі добрую інфраструктуру.
Зямля, на якой пара жыве зараз, і дзе плануюць пабудаваць дом, належыць прыватнаму забудоўшчыку, які пакуль што нічога з ёю не робіць. Калі ён пачне будоўлю, дом давядзецца знесці, але пабудова будзе мець малы кошт. «Думаю, што нам яна абыдзецца ў кошт параўнальны з месяцам арэнды кватэры тут, у Лос-Крысціянас».
Пакуль Аўдзевіч пакуль працуе як вулічны барыста, а яго дзяўчына — фрылансіць праз інтэрнэт.
«Я купіў спецыяльнае абсталяванне, каб рабіць добрую каву рукамі: прэс, міксер, каб малоць бабы, прыстасаваў свой ровар. І ўсё, выязджаю ў публічныя месцы, гатую каву». Перважна працуе там, дзе тусуюцца сёрферы ці ёсць нейкія пляжы. Паліцыя не чапае. «Усё выглядае хутчэй як перформанс, чым як бізнэс. У мяне няма цэнніка, проста стаіць скрыначка для аплаты».
На будоўлі ён робіць нешта сам, дапамагаюць знаёмыя розных нацыянальнасцяў. «Гэта людзі, якія не хочуць быць у нейкай сістэме: ані ў палітычнай, ані ў якой іншай. І яны ўвогуле сабе ледзь не з пальмаў робяць жыллё. Прычым яны не бамжы, не алкаголікі — проста ў іх такі лад жыцця: прыкольна пакатацца на сёрфе, пасля ад сонечнай энергіі зарадзіць дэвайсы і нешта рабіць ў інтэрнэце».
Таццяна праектуе такую канструкцыю, якую можна збудаваць самастойна, хіба з мінімальнай дапамогай.
«Тут хапае месцаў, куды можна дабрацца на такіх спецыяльных электрычных трыцыклах, распрацаваных для калясачнікаў», — распавядае Саша. Ён хоча зрабіць маршрут, каб людзі з інваліднасцю маглі на іх ездзіць на мясцовы вулкан. Акрамя тураў на вулкан хоча адкрыць інклюзіўную кавярню. «Я здзіўлены, што ў гэтым горадзе, дзе 60 на 40 інвалідаў і звычайных людзей, ніхто не адкрыў кавярню, дзе працавалі б калясачнікі».
Ён бы хацеў, каб людзі прыязджалі, адпачывалі і працавалі. «Хай жывуць бясплатна, але дапамагаюць у кавярні. Але я не шукаю тых, хто хацеў бы прыехаць і „пайграць у інваліда“, хто чакае, што за імі будуць прыглядваць. З такімі мне будзе нецікава. Безумоўна, некаторым неабходная дапамога ў чымсьці, але такія моманты, думаю, вырашальныя».
Аўдзевіч нярэдка выказваецца даволі рэзка, у тым ліку і пра людзей з інваліднасцю: маўляў, калі сапраўды захочаш нешта рабіць — зможаш.
«Гэта не толькі беларуская праблема. Людзі з інваліднасцю ў Еўропе ў прынцыпе не працуюць, — кажа ён. — Я тут ведаю шмат калясачнікаў, у іх думкі: як бы знайсці персанальнага асістэнта, з якім будзе псіхалагічна камфортна».
«Бо чалавеку дзяржава дае тысячу еўра на месяц, аплачвае асістэнта, нейкі адпачынак. І для іх тое, што я раблю — проста космас». Ён мяркуе, што калі б у Беларусі вазочнікам давалі столькі ж грошай, то і ў нас бы ніхто не працаваў. На яго думку, вызначаныя законам 6 гадзін на працу не заўжды апраўданыя.
«У мяне было шмат праектаў, я спрабаваў даць працу людзям з інваліднасцю. І зрабіў такую выснову: ім не патрэбная праца, бо ў выніку яны шукаюць сваю інваліднасць у гэтай працы, а не павышаюць прафесійны ўзровень. Так, з цягам часу чалавек вучыцца, расце, мяняе пункт гледжання, але ў пачатку: „Блін, але ж мы інваліды…“ Але ж я сам такі ж інвалід!»
Аляксандр хацеў бы змяніць сам падыход да людзей з інваліднасцю, «каб ім менш дзьмухалі ў попу». Кажа, што сапраўды, некаторым вельмі цяжка, але ў масе сваёй працаўладкаванне людзей з інваліднасцю звязана з іх жаданнем працы. Маўляў, у соцыуме вельмі мала прыкладаў.
«Калі б я сеў у інваліднае крэсла і ўбачыў, што інваліды спакойна працуюць айцішнікамі, барыстамі, кіроўцамі таксі, то я б у прынцыпе не думаў, што праблема знайсці працу. Я б думаў, якую працу хачу і што на ёй буду рабіць. А пакуль у нас ты дамаўляешся проста на сустрэчу з чалавекам і пачынаецца: «А як я даеду, а маленькая пенсія, а тое, а сёе…»
Саша кажа, што такіх шмат. Ён прыводзіць у прыклад сябе. «Каб вы разумелі, я сёння жыву фактычна на руінах будаўнічай звалкі, дзе хацелі будаваць гатэль калісьці. І я сюды заязджаю на калясцы, тут будую сцяну з камянёў, якія цягаю таксама на калясцы. Сонечную панэль прыкручваю самастойна, пасля еду немаведама куды па ваду… І нешта асабліва наконт гэтага я не перажываю, бо не бачу праблем». Ён перакананы, што калі нешта робіш і сапраўды гэтага хочаш, да цябе гэта прыходзіць.
«Бывае няпроста, але нас тут вельмі „бадзёрыць“ сітуацыя ў Беларусі, — кажа ён. — Не тое, каб мы былі ў нейкай суперапазіцыі, але калі бачыш усю несправядлівасць, якая адбываецца ў Беларусі, то неяк разумееш, што не так цяжка тут усім гэтым займацца. Маўчаць дома было б цяжэй». Ён кажа, што на Радзіме маўчаць бы не змог. Часам хоча вярнуцца, «выйсці на плошчу і сесці ў турму», але дзяўчына адгаворвае.
Перад ад’ездам сваю кавярню «Інклюзіўны барыста» Саша падарыў, выбраў людзей, якія цяпер кіруюць установай. Кажа, што зрабіў гэта і для таго, каб пасля ў работнікаў не ўзніклі праблемы праз нейкія не тыя справы ці словы Аўдзевіча. Кавярня працягвае працу, на сваёй пасадзе застаўся і яе дырэктар Васіль Паўлікаў з сіндромам Даўна. «Вася малайчына, трымае бізнэс у яжовых рукавіцах, — пасміхаецца Саша. — Мне не зайздросціць, яму да мора няма цікавасці, галоўнае — бізнэс».
Таццяна і Саша плануюць ажаніцца, але пакуль кавярня на Канарах у працэсе, шлюб адкладаецца. Бо хочацца, каб гэта было прыгожа і рамантычна, а не проста ў намёце, тлумачыць Саша.
«Баюся, што ўсё ідзе да аднаўлення СССР, — кажа ён пра сітуацыю з Беларусі. — Не ўсе такога хочуць, але хапае паліцыі ў тых, хто якраз гэтага прагне. Будзе нейкі пункт, калі цярпенне скончыцца, але пакуль гэтага не адбываецца».
«Я і сам ведаю людзей, якія ўсё разумеюць, але нармалёва і кайфова жывуць. На ўсё адказваюць: „Аляксандр, а што вы маеце супраць?“ Ці „Аляксандр, вы ж не валодаеце сітуацыяй“. Звычайна такое кажа нейкі работнік выканкама ці міністэрства. Пры правільным маркетынгу можна апраўдаць нават канібалізм».
«І я думаю, у такіх людзей нават няма нейкіх згрызотаў ці сумневаў, яны проста так сябе настройваюць. Можа так і трэба, можа так і нармальна, не ведаю. Але мая выснова: нам не хапае нейкага рэвалюцыйнага духу, і пакуль ён не з’явіцца, так і будзе ўсё. Канечне, гэта толькі мае здагадкі, можа яны і далёкія ад рэальнасці. Калісьці я не цікавіўся палітыкай, пасля зацікавіўся і пачаў лічыць, што ўсё ведаю, а пасля думаў, што не ведаю зусім нічога. І вось у гэтыя крайнасці мяне і кідае ўвесь час. Але для ўсіх нас вельмі важна ведаць людзей з іншых краін, гаварыць з імі. Бо я размаўляў з людзьмі недзе з дзясятка краін, і цікава, што ўсе яны мяркуюць: тое, што адбываецца ў Беларусі сёння, гэта няправільна».
Хватает ли в центре Гродно продуктовых магазинов? Споры об этом вызвало открытие на углу Советской…
Нарядная хвоя, свечи, новогодние венки и гирлянды, светлый или темный фон на выбор. Гродненские фотостудии…
Власти создали новую платформу “меркаванне.бел”. Ее позиционируют как онлайн-площадку, на которой каждый сможет в свободной…
Коллекция одежды гродненки Екатерины Корлатяну дебютировала этой осенью на Парижской неделе моды. А начиналось все…
Гродненец Роман Нагула почти полжизни работает с деревом. Школьником он начинал с бейсбольных бит, а…
Гродненка Анна Тарковская почти круглый год собирает травы, а потом плетет из них венки. За…