Акупацыя ці вызваленне? Што было ў Гродне ў верасні 1939 года: успаміны сведкаў

На працягу апошніх чатырох гадоў рэдакцыя Hrodna.life збірае ўспаміны гродзенцаў, якія нарадзіліся ў 1920−30-я гады. У размовах сталыя гродзенцы часта ўспамінаюць вераснёўскія падзеі 1939 года, калі ў Гродна прыйшла савецкая ўлада.

81 год таму, 20 верасня 1939 года, пачаліся баі за Гродна. Гараджане з рэшткамі польскіх войскаў адбівалі атаку Савецкай Арміі тры дні. Абаронцам удалося знішчыць больш за 10 адзінак тэхнікі праціўніка, у тым ліку дзякуючы выкарыстанню гарызантальна ўстаноўленых зенітных гармат Bofors і бутэлек з запальнай сумессю. Сімвалам той абароны стаў 13-гадовы Тадзік Ясінскі, якога, як кажуць, саветы прывязалі да танка як жывы шчыт. Бальшавікі ўсё-ткі прарвалі абарону і занялі горад. Мясцовых абаронцаў, сярод якіх было шмат моладзі, расстрэльвалі.

Кенатаф — сімвалічная магіла Тадзіка Ясінскага на каталіцкіх могілках у Гродне. Дзе сапраўды пахаваны хлопец, ніхто не ведае

У Савецкім саюзе, як і ў сучаснай Беларусі, вераснёўскія падзеі 1939 года называлі ўз'яднаннем Беларусі. Але для шматлікіх гродзенцаў, якія жылі ў тыя часы, гэта трагічныя старонкі ў гісторыі горада.

«Ідзём абараняць Айчыну»

Ірэна Кізюкевіч, 1925 г. н.

«Нашы вясковыя 17-гадовыя хлопцы з Пярэселкі таксама пайшлі абараняць Гродна. І мой брат Томаш быў у іх ліку. Тры дні стралялі ў горадзе, але ад нас гэта было далёка. Потым стральба сціхла.

Людзі сталі выходзіць на вуліцу, і наша сям’я таксама выйшла. У той момант якраз праз нашу вёску невялікімі групамі праходзіла польскае войска. Апранутыя былі як ваенныя і мелі зброю. Некаторыя неслі з сабой мяшкі тытуню.

Мы глядзім на салдат і бачым там Томаша нашага, які ішоў са сваім сябрам. Людзі ім пачалі крычаць: «Куды вы ідзяце і каму вы нас пакідаеце?». Брат памахаў рукой і крыкнуў: «Ідзём абараняць Айчыну». Як аказалася, салдаты ішлі на Вільню. Тата ў выніку дагнаў майго Томаша і сказаў яму: «Ідзі дадому, дзіця! Што ты сабе думаеш?». Брат не перадумаў і пайшоў разам з войскам.

Тры тыдні не было яго дома. Але пасля ён вярнуўся ў вёску і сказаў, што афіцэры і старэйшыя салдаты засталіся ў Літве, а ма­ладых харцэраў адпусцілі дадому. Пасля таго, як Томаш вярнуўся ў Гродна, ён далей пайшоў вучыцца ў гімназію. І ніхто яго бальшавікам не выдаў".

«Што адбывалася — не перадаць словамі»

Анатоль Песняк, 1926 г. н.

«У вераснi 1939 года ў Гродне пачалася падрыхтоўка да абароны горада. З прыходам саветаў усе хлапчукі з мясцовай семінарыі і гімназіі ішлі на танкі з бутэлькамі з запальнай сумессю. Тады тры танкі спалілі на вуліцах горада. Многiя 16−17-гадовыя гродзенцы змагаліся на вуліцах.

Што адбывалася — не перадаць словамі. Дурні тыя людзі, якія адпраўлялі падлеткаў на гэтую справу. Гэта ж жалезная тэхніка, ісці на танкі маглі толькі фанатыкі. Асабіста я не пайшоў у тыя дні на вуліцу. Дурная вайна была.

Калі ўсё скончылася, я выйшаў на вуліцу — ніхто савецкую ўладу не сустракаў. Ведаеце, акурат мая сям’я жыла пры любой уладзе і падпарадкоўвалася. Мне за польскім часам жылося добра. І пры саветах таксама не скардзіўся, і нават Сталін мне падабаўся. Магу сказаць, многія гродзенцы самі зрабілі сабе пятлю на шыі".

Анатоль Песняк (злева) з сябрам, 1941 г.

Мясцовыя санітары выратавалі савецкага танкіста

Зыгмунт Левандовіч, 1929 г. н.

«Тадзiка Ясінскага саветы схапілі і прывязалі да танка. Гэта ўсё было насамрэч, Тадзiка з танка адвязала жанчына-медык. Але ён не выжыў i памёр у шпiталi.

Я памятаю яшчэ адзін выпадак, які многіх уразіў. Мясцовыя санітары выратавалі савецкага танкіста, якога падбілі харцэры на вуглу Дамiнiканскай і Ажэшкі. Яны яго забралі ў шпіталь і дапамаглі выжыць. Шмат хто казаў: навошта ратаваць рускага салдата, яго трэба забіваць. А жанчыны казалі, што гэта перадусім паранены чалавек, якому трэба дапамагчы".

«Сусед Бертэль загубіў сябе і частку сям'і»

Пелагея Аляшкевіч, 1932 г. н.

«Сям'ю Бертэляў мы называлі бандытамі. Яны былі неадукаванымi, але са зброяй.

Памятаю, што многія салдаты польскай арміі не жадалі ваяваць, проста не бачылі сэнсу ў гэтым, і ішлі дадому, да сем’яў. Некалькі салдат праходзіла ля дома Бертэля на вуліцы Вiгерскай, а той з акна пачаў страляць у іх. Салдаты разбегліся і адкрылі агонь у адказ, а пасля падпалілі дом Бертэля.

Памылка суседа была ў тым, што ён пачаў страляць па салдатах і не падумаў, што ў яго дома была цэлая сям’я. У выніку ён за гэта паплаціўся — загінулі ён сам і некалькi членаў яго сям'і. Акрамя Бертэля, былі і іншыя гродзенцы, якія віталі саветаў".

Раён Гродна. Салдаты польскай арміі вяртаюцца дадому.
«Весткі», 29 верасня 1939 г. Архіў Сяргея Марціновіча

«Баяліся, што і па нас прыйдуць»

Ніна Амельянчык, 1924 г. н.

«Саветаў мы не сустракалі, але і не змагаліся з імі. Асабіста я з імі магла размаўляць спакойна, бо ведала рускую мову з царквы.

Аднойчы ранкам я несла малако кліенту ў двухпавярховы драўляны дом на вуліцы Жвіркi. Падыходжу да дому, а там савецкія салдаты з вінтоўкамі стаяць. Я перамагла страх і зайшла ў дом. На кухні стаяла цяжарная жанчына ў начной кашулі. Побач быў салдат. Жанчына заплакала і сказала: «Дзякуй дзяўчынка, нам больш не трэба малако. Можаце ўзяць у доме ўсё, што хочаце». Я спалохалася і пабегла. Пасля ўбачыла, як гэтых гараджан выгналі з дому з адным чамаданам і запіхалі ў машыну.

Такая ж гісторыя адбылася са шматлікімі настаўнікамі на нашай вуліцы. Памятаю, як настаўніка Злоцкага забралі, а ён не разгубіўся і ў кузаве машыны на балалайцы пачаў граць. У той час чэкістаў у горадзе баялася не толькі інтэлігенцыя, але і звычайныя людзі. Мы, сяляне, доўгі час спалі апранутыя і каля печы сушылі сухары, бо баяліся, што і па нас прыйдуць"

Барыкады на Старым масту. Прэс-фота, Брусель, Бельгія. Надпіс на адвароце: «Нямецка-руская вайна ў Заходняй Беларусі. Від на горад Гродна, зроблены падчас расійскай акупацыі ў 1939 годзе».

Білі яўрэяў за камуністыяныя песні

Генрых Юхневіч, 1927 г. н.

«Немцы так і не ўвайшлі ў горад, а неўзабаве прыйшлі бальшавікі. Памятаю, выйду да Каложы — і ўсё відаць: як стаялі савецкія танкі на адным беразе, а на другім баку палякі. Біліся гродзенцы супраць іх, былі добраахвотнікі, нават з вёсак прыходзілі абараняць Гродна. Я не быў у харцэрах, але ведаю, што падчас абароны яны падрывалі савецкія танкі. Я жыў крыху далей цэнтра, магчыма таму абарона прайшла міма мяне.

Абаронцы трымаліся доўга і не пускалі ў горад савецкія часткі. Быў выпадак, што бальшавікі ўзялі 12-гадовага хлопчыка і прывязалі яго да танка, і ехалі па Савецкай. Яго так і забілі. Памятаю таксама на Савецкай быў падбіты танк, а адзін уехаў у сцяну кінатэатра. У нас з дома ўсё добра было відаць, што адбывалася ў горадзе.

Ужо пасля прыходу бальшавікоў адных малых яўрэйчыкаў мы білі за тое, што яны спявалі камуністычныя песні. Памятаю, на Замкавай мне казалі яўрэі: «Няма тваёй Польшчы, у дупе твая Польшча». Біліся за гэта".

«Кладбище» было першым рускім словам

Алена Барэвіч, 1931 г. н.

«Памятаю, нехта сустракаў камуністаў з кветкамі, а нехта пасіўна ставіўся да іх. Былі і тыя, хто змагаўся, асабіста я бачыла адзін танк, які гарэў, — яны праязджалі нашай вуліцай. Што адбывалася ўжо ў горадзе, я не ведаю.

Калі прыйшлі саветы, салдат адзін да нас прыскакаў на кані і спытаў па-руску: «Где кладбище?». Менавіта «кладбище» было першым рускім словам, якое я пачула. Адправілі яго на францішканскія могілкі. Мабыць, у іх быў там зборны пункт, але я дакладна не ведаю".

«Яўрэі відавочна паўсталі супраць мясцовых палякаў»

Валянціна Дзядзель, 1930 г. н.

«Саветы прыйшлі імгненна, мая мама плакала ад радасці. Думала, будзе ўсім праца. Але першы час мы бачылі толькі вялікія чэргі па прадукты. Прыходзілася людзям у чатыры раніцы ўставаць па хлеб, а камусьці па гарэлку. Такіх чэргаў мы ніколі не бачылі. Пры паляках табе дахаты ўсё насілі, галоўнае каб купляў.

Калі ўвайшлі саветы, яўрэі відавочна паўсталі супраць мясцовых палякаў. Дзе адзін, там і ўсе дзесяць прыйдуць і пачнуць правакаваць: «Ты хочаш мяне назваць жыдам? Так скажы, адразу сядзеш!». І нічога не зробіш".

«Яны ішлі сюды і думалі, што тут людзі галодныя і бедныя»

Алена Якуцэвіч, 1929 г. н.

«У той час у Гродне вайны не было, але нас, маладых, рыхтавалі да таго, што можа нешта пачацца. Казалі, каб нічога не падбіралі на вуліцы, бо магла быць выбухоўка.

У пачатку верасня, калі пачалася вайна з немцамі, у Гродне была цішыня, ніхто не ведаў, што будзе далей. У адзін дзень мы ішлі капаць бульбу на поле, і ў канцы вёскі Гройніца [сучасны м-н Вішнявец — рэд.] паказалася конніца. Каля 100−150 чалавек. Усе ў фуфайках, шапках з пікамі і вінтоўкамі. Ехалі яны на амаль дохлых конях.

Людзі сталі выходзіць і глядзець, што адбываецца. А гэта былі савецкія салдаты. Усе есці прасілі, казалі: «Хлебца, хлебца». Так ім вынеслі не проста хлеба, але і сала. Накармілі гэтых галодных і абадраных. На другі дзень у вёсцы так набілася салдат, што цяжка было прайсці ад плота да плота. Жыхары не маглі нават кароў завесці дадому.

Салдаты ўсё шукалі ежу, а потым ужо рассяляліся ў вясковых хатах. Аднаго так накармілі, што ён потым сказаў: «От чего мы, интересно, их освободили?!». Яны ішлі сюды і думалі, што тут людзі галодныя і бедныя. Але насамрэч яны сутыкнуліся зусім з іншай карцінай — ва ўсіх свая зямля, дамы і гаспадарка. Яны думалі, што ў Амерыку прыехалі".

Чырвонаармейцы ў мястэчку Новы Двор (Сучасны Шчучынскі раён) ля Гродна.
«Известия», 28 верасня 1939 года. Архіў Сяргея Марціновіча

«Калі прыйшлі рускія, правялі вялікі сход»

Ніна Снічыч, 1923 г. н.

«У Гродне некаторыя жыхары сустракалі бальшавікоў з кветкамі. У асноўным гэта былі беднякі - сяляне ці людзі, якія калісьці жылі ў Расіі. Напрыклад, мая мама ў час Першай сусветнай была там ва ўцёках. Працавала і зарабляла. Таму ёй рускія былі знаёмыя, і мы ў Гродне іх чакалі.

Чуткі даходзілі да горада, што з бальшавікамі добра жывецца, і мы спадзяваліся, што яны прыйдуць, і будзе праца для ўсіх. А так за польскім часам мы ўсе працавалі толькі на падпрацоўках, а многія хацелі быць стала працаўладкаванымі.

Калі да нас прыйшлі бальшавікі, мама выйшла на вуліцу і сказала: «О, як добра, што рускія прыйшлі». Адзін сусед-паляк падслухаў гэта і вырашыў забіць усю нашу сям’ю. Суседка даведалася пра змову і пераказала нам гэта. Яна сказала, што ўначы адкрые акно, каб мы да яе пералезлі. Так і зрабілі. Пераначавалі і сышлі на Падпярэселку. А сусед і сапраўды раніцай прыходзіў. Былі дзверы адкрытыя, і ўсё перагорнута.

У Гродне палякі не любілі беларусаў ці рускіх, называлі кацапамі. А яўрэяў наогул ніхто не любіў.

Калі прыйшлі рускія, правялі вялікі сход. Адзін гродзенец у іх спытаў: «Скажыце, працы для нас у вас хопіць?». Яму адказалі: «Хопіць, работы колькі хочаш». Новая ўлада адразу ж узялася за багатых — іх вывозілі, бедных ніхто не чапаў.

Хтосьці з польскіх патрыётаў спрабаваў абараняцца, і памятаю, што хлапчукі падбілі савецкія танкі, якія заязджалі на мост. Тады загінулі двое рускіх, адзін з іх Гарнавых. Таму ў будучыні і вуліцу назвалі Гарнавых".

Пабеглі на Сабачую горку шукаць брата

Леакадзія Узнаньска, 1925 г. н.

«У 1939 годзе распачалася вайна, мы думалі, у Гродна ўвойдуць немцы, але нечакана прыйшлі рускія. Мы былі ўражаны. Мой брат якраз перад вайной быў у «юнаках» на Ерусалімскай. Ён удзельнічаў у абароне горада.

У тыя дні нехта прыйшоў на Падольную і сказаў нам, што вядуць расстрэльваць людзей на Сабачую горку. Мы з маці пабеглі туды, а там — мноства людзей расстраляных: вайскоўцы і моладзь. Каб апазнаць брата, мы сталі пераварочваць целы. Плакалі і шукалі. Там былі не толькі мы, але і многія іншыя".

Брата Леакадзіі сям’я не знайшла. Як выявілася пазней, ён уцёк. Быў у Рызе, а неўзабаве вярнуўся дадому. Ці закапалі расстраляных гродзенцаў на Сабачай горцы, жанчыне невядома. Целы маглі вывезці ў іншае месца.

Сабачая горка — пагорак каля сучаснай вуліцы Магістральнай, недалёка
ад скрыжавання з Азёрскай шашой. Здымак 1930-х гг.

«Что вы сделали? Я же русский человек, я вас ждал!»

Лідзія Івашчанка, 1931 г. н.

«Браты былі ўвесь час дома, калі стральба сціхла, яны выйшлі паглядзець, што адбываецца ў горадзе. У гэты час савецкія салдаты якраз недалёка ад нашай вуліцы вялі на расстрэл суседа-яўрэя, нехта сказаў, што ён страляў па рускіх. І калі мае браты выйшлі з завулка, гэты яўрэй сказаў: «Товарищ, это они стреляли!». У гэты момант знаёмая жанчына пабегла да нас дадому і крычыць: «Бяжыце хутчэй, вашых сыноў расстрэльваюць».

Не паспеў бацька, братоў расстралялі амаль пад аркай чыгуначнага моста. Бацька пачаў крычаць на салдат: «Что вы сделали? Я же русский человек, я вас ждал!». А яны яму ў адказ: «Ну прости, отец, мы не виноваты. Тот еврей сказал, что твои сыновья стреляли из пулемета по советским солдатам». Бацька ім пачаў гаварыць, што ён сам з кулямёта не ўмее страляць, а адкуль дзеці яго маглі гэтаму навучыцца".

«Гатовыя былі жыццё аддаць за Польшчу»

Стэфан Хоцей, 1927 г. н.

«Бацьку забралі ў польскую армію яшчэ да пачатку Другой сусветнай. Тое, што немец будзе нападаць на Польшчу, мы ведалі, але ўсе казалі, што наша краіна моцная і зможа даць адпор ворагу. Войска было шмат, асабліва ў Гродне. Але немцы ў першы дзень вайны зрабілі налёты самалётамі. Даляцелі яны і да нашага горада, скінулі бомбы на масты і на склад пораху ў лесе. Але ў горад так і не ўвайшлі.

А аб тым, што ў Гродна прыйдуць саветы, то мы нават і паняцця не мелі. Гэта цяпер ёсць тэлевізар і радыё, і інфармацыя імгненна перадаецца. А тады ніхто нічога не ведаў. Толькі камуністы і яўрэі рыхтаваліся да прыходу саветаў. Апраналі чырвоныя павязкі, стваралі сваю міліцыю і паказвалі, як праехаць. Казалі, што на іншай частцы берага Нёмана, каля тытунёвай фабрыкі, яны нават паставілі прывітальную браму саветам.

Калі некаторыя яўрэі збіраліся сустракаць рускіх, то палякі-патрыёты пачалі рыхтавацца да абароны горада. Разам з рэшткамі войскаў на вуліцах горада з’явіліся і маладыя студэнты, харцэры. Мае старэйшыя сёстры пайшлі да абароны, вось яны і мяне прыцягнулі. Мы былі патрыётамі, і гатовыя былі жыццё аддаць за Польшчу.

Абарона ў Гродне была ў некалькіх месцах. Калі ў горад увайшлі рускія, я быў на Ажэшкі, недалёка ад школы, дзе вучылася адна з сясцёр. Там у іх было некалькі стрэльбаў і іншая зброя, таксама яны налівалі бензін у бутэлькі і рыхтаваліся чакаць танкі. Мы стаялі пад мостам. У нас было некалькі бутэлек з запальнай сумессю.

Калі першы танк пачаў ехаць, мы выбеглі і пачалі кідаць у яго гэтыя бутэлькі. Падпалілі адзін. Са мной тады былі сябры, сярод іх і Рышард Нойман — пратэстант, сын камісара паліцыі. Так яго на месцы забілі салдаты з другога танка, яны стралялі з кулямётаў. Потым, магчыма, і праехалі па ім. А я быў паранены ў руку, пашанцавала, што нават у жывых застаўся. У мяне была шапка прастрэленая і адзенне.

З другім хлопцам мы ўцяклі з вуліцы і здолелі схавацца. Спачатку боль ад ранення я не адчуваў, толькі потым убачыў, што здарылася. Мяне падхапіла сястра і яшчэ нейкі хлопец і павялі да доктара. Наклалі мне гіпс, і пасля гэтага я больш нікуды не выходзіў з хаты".

Савецкія салдаты крычалі абаронцам: «Мы вас прыйшлі вызваліць»

Караль Калвейт, 1929 г. н.

«Не пускалі ў Гродна рускіх. Потым яны пачалі прарывацца праз Нёман. Спачатку танкамі, а пасля пяхотай. Гродна абаранялі вайскоўцы, студэнты, моладзь і падлеткі. Усе, хто хацеў абараняцца, беглі на стрэлы.

Пасля саветы прарваліся праз мост і ўвайшлі ў горад вуліцай Маставой, але і там абарона працягнулася. На вуліцах з’явілася французская гармата, якую знайшлі ў адной з казармаў. Было для яе некалькі патронаў.

У горад уехала каля пяці савецкіх танкаў. У падвале дома каля тэатра дзеці налівалі ў бутэлькі бензін. Пыталіся ў старэйшых хлопцаў, для чаго гэта, а тыя адказвалі: «Гэта не вашая справа, а наша». Гатовыя бутэлькі выносілі на вуліцу, старэйшыя кідалі іх у танкі. Мяне маці не пусціла на вуліцу, я праз акно глядзеў, што адбываецца.

Памятаю, як машына пад’язджала на вуліцу, адтуль выйшаў паліцэйскі і выдаваў зброю добраахвотнікам, там былі і маладыя дзяўчаты. Бралі зброю, а пасля беглі туды, дзе крычалі, што б’юць саветаў. Казалі, што савецкія салдаты крычалі абаронцам: «Мы вас прыйшлі вызваліць». Але людзі абараняліся і некалькі танкаў здолелі падпаліць.

У выніку рускія адолелі абаронцаў і ўвайшлі ў горад. Усіх, хто прымаў удзел у абароне, вылоўлівалі і расстрэльвалі, паводле некаторых дадзеных, расстралялі каля 300 абаронцаў. У палон не бралі нават тых, хто забарыкадаваўся ў Доме афіцэраў. Яны спачатку адстрэльваліся, а пасля здаліся. Іх расстралялі".

Поделиться

Последние записи

«Первую прибыль потратил на станок». Гродненец в школе вытачивал биты, а к 27 годам открыл свое производство мебели

Гродненец Роман Нагула почти полжизни работает с деревом. Школьником он начинал с бейсбольных бит, а…

13 ноября 2024

«Планирую повторить гербарий Элизы Ожешко». Гродненка 20 лет проработала ветврачом, а теперь плетет венки на заказ

Гродненка Анна Тарковская почти круглый год собирает травы, а потом плетет из них венки. За…

11 ноября 2024

«Интернет — сила. До 2020 власти этого не понимали». Создатель Гродненского форума рассказал о байнете нулевых

Гродненский форум существует больше 20 лет и обновляется до сих пор. Люди все еще ищут…

7 ноября 2024

Гречка с черникой, живая музыка и «стеснительный» стриптиз. Ресторанам «Белосток» в Гродно и Grodno в Белостоке исполнилось 50 лет

В Гродно работает ресторан «Белосток», а в польском Белостоке — бар Grodno. В 1974 году…

5 ноября 2024

«Пробейте, пожалуйста». Как в Гродно одним талончиком ломали систему

Гродненские контролеры - самые суровые, а пассажиры - самые дружные. Талончик можно на выходе из…

4 ноября 2024

«Меня не победить, я не соревнуюсь». Гродненка перенесла операцию на стволе головного мозга — вот как изменилась ее жизнь

Утром гродненка Людмила Юрахно, как обычно, ушла на работу, но домой вернулась только спустя полгода.…

1 ноября 2024