Дзень абаронцаў Айчыны 23 лютага адзначаюць ужо больш за 100 гадоў. У сучаснай Беларусі гэты дзень не з’яўляецца афіцыйным выхадным днём, але ў календары гэтая дата святочная. Hrodna.life узгадаў, як з’явілася свята, і спытаў палітолагаў, чаму гэты дзень важны для ідэалогіі і ці зменіцца стаўленне да гэтай даты пасля пераменаў.
Чаму менавіта 23 лютага
У савецкай гісторыяграфіі свята 23 лютага афіцыйна называлі «Дзень Савецкага войска і вайскова-марскога флота СССР». Выбар даты абгрунтоўвалі тым, што 23 лютага 1918 года пачаўся запіс у добраахвотнікі Чырвонай арміі. Акрамя гэтага, былі версіі, што ў гэты дзень была створана Чырвоная армія, ці што 23 лютага адбываліся баі паміж Чырвонай арміяй супраць нямецкіх войскаў у раёне Пскова і Нарвы.
Насамрэч, баёў пад Псковам і Нарвай у гэты дзень не было. Нямецкія войскі знаходзіліся ў 55 км ад Нарвы і ў 170 кіламетрах ад Пскова. Указ аб стварэнні Чырвонай арміі Уладзімір Ленін падпісаў 15 студзеня 1918 года [па новым календары — 28 студзеня — Hrodna.life].
10 лютага 1918 года старшыня дэлегацыі на Брэст-Літоўскіх перамовах з Германіяй Леў Троцкі аб’явіў аб выхадзе Савецкай Расіі з Першай сусветнай вайны. Пасля гэтага, 18 лютага 1918 года, войскі Германіі і Аўстра-Венгрыі перайшлі ў наступ. Да 21 лютага яны захапілі Мінск, а 22 лютага 1918 года Савет народных камісараў апублікаваў дэкрэт-заклік «Сацыялістычная айчына ў небяспецы» і 23 лютага пачаўся прыём добраахвотнікаў у шэрагі Чырвонаай арміі.
Калі пачалі святкаваць Дзень Чырвонай арміі
У 1919 годзе савецкія ўлады планавалі адсвяткаваць 15 студзеня. Але прапанова святкавання першай гадавіны стварэння Чырвонай арміі позна патрапіла ва Усерасейскі цэнтральны выканаўчы камітэт і яе не паспелі разглядзець.
Таму ўлады вырашылі сумясціць Дзень Чырвонай армі з Днём чырвонага падарунка 17 лютага [у гэты дзень жыхары савецкай Расіі павінны былі ўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі і адпраўляць падарункі чырвонаармейцам — Hrodna.life]. Але гэты дзень выпадаў на панядзелак, таму свята перанеслі на бліжэйшыя выхадныя — 23 лютага 1919 года.
Чаму 23 лютага ў сучаснай Беларусі - свята
«Лукашэнка ўсе савецкія даты, святы, атрыбуты захоўвае. І нават адраджае апошні год. Гэта было б дзіўна, калі б ён адзначаў 7 лістапада [Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі - Hrodna.life], але раптам не адзначаў 23 лютага, больш прызнаны дзень на постсавецкай прасторы», — сказаў Hrodna.life палітолаг Арцём Шрайбман.
«Гэта такі візуальны савецкі сімвалічны складнік»
«Насамрэч, не тое каб у Беларусі сапраўды святкавалі 23 лютага, нават як 8 сакавіка. Мне падаецца, што з кожным годам гэта свята робіцца больш святам вайскоўцаў і ўжо не надта маладых вайскоўцаў. А ў афіцыйным календары яно засталося, як і ўся савецкая атрыбутыка ў сучаснай сістэме. Тут табе і 23 лютага, і піянерыя з БРСМам, і назва газеты „Савецкая Беларусь“. Гэта такі візуальны савецкі сімвалічны складнік», — сказаў Hrodna.life каардынатар экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзім Мажэйка.
Ён лічыць, што дата 23 лютага перакачавала ў беларускую сістэму, бо ў рэжыму Лукашэнкі няма ўласнай ідэалогіі. «Ён [Лукашэнка] і сам прызнаваў, што і хацеў бы ідэалогію, але нічога тут не атрымалася. Паколькі няма сваёй, то запазычваюцца наўпрост чужыя элементы і чужыя сімвалы».
Мілітарысцкі кампанент характэрны для дыктатур?
Мілітарысцкі кампанент характэрны для беларускай ідэалогіі, лічыць Вадзім Мажэйка. «Чым менш дэмакратычная краіна, тым больш важны складнік нейкіх сілавікоў. Гэта непазбежна. Таму ўсяляк падкрэсліваць гэтыя святы для рэжыма лагічна».
Палітолаг Арцём Шрайбман не зусім згодзен з такім падыходам. «У цэлым дыктатуры цягацеюць да мілітарызма і любяць культываваць сілу зброі. Нашмат часцей праходзяць парады ў аўтарытарных і дыктатарскіх рэжымах і нават выглядаюць крыху іначай. Але я б не сказаў, што адзначаць такія святы — гэта прэрыгатыва дыктатур. Усё ж такі шматлікія краіны святкуюць свае вайсковыя перамогі, якія злучаюць дні незалежнасці з перамогамі ў войнах за незалежнасць».
Што будзе з 23 лютага пасля змены рэжыму
Мажэйка лічыць, што пасля сыходу рэжыму Лукашэнкі стаўленне да свята зменіцца. «Зараз любая асацыяцыя з беларускімі сілавікамі можа запляміць усё, што заўгодна. У гэтым сэнсе вельмі важна і сімвалічна будзе падкрэсліць пераход нейкага вайсковага свята ад савецкай пераемнасці да пераемнасці беларускай, нацыянальнай. [Напрыклад] Дзень вайсковай славы [бітвы пад Воршай у 1514 годзе — Hrodna.life]. Важна будзе, каб сімвалічна гэтая дата падкрэслівала менавіта беларускую вайсковую гісторыю, беларускія перамогі, перамогі беларускага незалежнага войска, а не савецкасць. Гэта непазбежна будзе».
Арцём Шрайбман лічыць, што гэта не зменіцца так хутка. «У гэтай даты ўжо нашмат большая ступень пранікнення ў масавую свядомасць, нейкае калектыўнае бессвядомае. Мне падаецца, гэтае свята адпачкавалася ад свайго першаснага гістарычнага сэнсу. Таму нават калі палітычныя змены будуць рэзкія, радыкальныя, кардынальныя, яны не змогуць хутка ўпэўніць усю краіну, што трэба адмовіцца ад свята, якое стала па сутнасці другім 8 сакавіка. Таму, я б тут не чакаў хуткага прагрэсу», — лічыць Шрайбман.
Пакуль Лукашэнка пры ўладзе, 8 верасня будзе ў андэграўндзе
Дата 8 верасня — дзень перамогі над войскамі папярэдніка расійскай краіны. Таму, на думку Шрайбмана, святкаваць перамогу над сваім сённяшнім саюзнікам было б дзіўна. «Таму, пакуль Лукашэнка пры ўладзе, я думаю, што 8 верасня будзе такім, як і ўсе даты апазіцыйнага календара, андэграўндам», — сказаў Шрайбман.
Мілітарызацыя адбываецца не толькі ў Беларусі
«Дата вельмі блізка да дня ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, таму яна дадае негатыў. Але зараз бачым, што павялічваецца мілітарызацыя ў беларускіх уладаў. Але хапае мілітарызацыі і ва Украіне, і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі і ў апанентаў Лукашэнкі таксама хапае мілітарызацыі. Гэта і беларускія добраахвотнікі ва Украіне, і вайсковыя харугвы, і сілавыя, так мовіць, міністры ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, — сказаў Мажэйка. — Гэта таксама сімвалы таго, што зараз такі час, што мілітарызацыя запатрабаваная і рэжым таксама надае мілітарызацыі шмат увагі».