Звычайна лагман гатуюць з бараніны. Але хто ж забароніць паэксперыментаваць са складнікамі гэтага сярэднеазіяцкага рэцэпта? Заменім бараніну на свініну і спецыяльную лапшу на пасту з супермаркета. Часу на прыгатаванне ў такім выпадку пойдзе значна менш. А смак ўсё роўна атрымаецца яркім і насычаным. Агулам, лагман — ідэальная страва для выхаднога дня, лічыць аўтарка Telegram-канала «Тётя Ира разрешила». Хочаш — будзе першае, а хочаш — другое. Залежыць толькі ад абранай колькасці бульёну ў талерцы.
Неабходныя складнікі для лагмана са свініны
Свініна — 500 г
Салодкі перац — 2 шт
Цыбуля — 2 шт
Салера — ¼ невялікага кораня
Кансерваваныя памідоры ва ўласным соку — 200 г
Алей — 50 мл
Часнык — 2 зубчыкі
Зеляніна пятрушкі - 50 г
Меленая папрыка — 1 чайная лыжка
Востры чырвоны перац і соль — на смак
Як гатуем лагман са свініны
Мяса мыем і кроім на кубікі ці палоскі.
У рондалі з тоўстым дном альбо ў глыбокай патэльні разаграваем алей. Абсмажваем на ім свініну да румянай скарыначкі. Солім, дадаём папрыку і востры чырвоны перац.
Падрыхтуем гародніну для лагмана.
Перац мыем, чысцім ад насення і кроім саломкай. Корань салеры чысцім і таркуем на буйной тарцы. Цыбулю чысцім і рэжам паўколцамі.
Дадаём гародніну да мяса і 3 — 5 мінут абсмажваем на вялікім агні.
Кансерваваныя памідоры размінаем відэльцам ці здрабняем блэндарам.
Дадаём атрыманую пасту да мяса з гароднінай. Заліваем сюды ж бульён ці ваду і даводзім да кіпення. Пасля змяншаем агонь і тушым 40 мінут.
Калі да гатоўнасці мяса застанецца хвілін 15, ставім варыцца лапшу. Яе гатуем па інструкцыі на ўпакоўцы.
А мы тым часам пачысцім і прапусцім праз прэс часнык і пакрышым зеляніну.
Іх трэба дадаць да мяса за 5 хвілін да гатоўнасці. Можна трошкі зеляніны пакінуць свежай, для падачы.
У талеркі спачатку кладзём лапшу, а пасля мяса з гароднінай і пажаданай колькасцю бульёну. Трошкі зеляніны зверху — і можна пачынаць.