Новы жыллёвы комплекс «Купальскі» на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў плануюць здаць у 2024 годзе. Цяпер аднапакаёвую кватэру ў ім можна набыць за € 32 тыс., трохпакаёвую — за € 57,5 тыс. Інфармацыю пра гэта апублікавалі на сайце кампаніі «Айран», якая будуе дом.
Кватэры да 100 квадратаў
Цана за аднапакаёвую кватэру плошчай 43,7 кв.м — 93,8 тыс. рублёў. Квадратны метр — 2,1 тыс. рублёў. Гэта цана адным плацяжом. У растэрміноўку цана за квадрат вышэйшая — 2,3 тыс. рублёў.
Двухпакаёвая кватэра плошчай 63 кв.м. каштуе 133 тыс. рублёў. Цана за квадрат — 2 тыс. рублёў, у растэрміноўку — 2,2 тыс. рублёў.
Трохпакаёвая кватэра на 68 м.кв. каштуе 141 тыс. рублёў. Цана за квадрат — 2 тыс. рублёў, у растэрміноўку — 2,2 тыс.рублёў.
Трохпакаёўка плошчай амаль 84 кв.м каштуе 168,5 тыс. рублёў. Цана за квадрат таксама 2 тыс. рублёў, а ў растэрміноўку 2,2 тыс. рублёў.
Чатырохпакаёвую кватэру плошчай ад 96 кв.м. да 100 кв.м. можна набыць за 203 тыс. рублёў. Цана за квадрат, як і ў варыянце трохпакаёвых кватэр — 2 тыс. рублёў за квадрат і 2,2 тыс. рублёў у растэрміноўку.
Калі купляць кватэру ў растэрміноўку, то трэба заплаціць першапачатковы плацёж — 30% ад сумы кватэры. На які тэрмін прапануюць растэрміноўку не паведамілі. Крэдыт ад «Белінвестбанка» на кватэру прапануюць атрымаць на 10 альбо 20 гадоў. За першыя 12 месяцаў крэдыта трэба заплаціць 7,41% гадавых, з 13 месяца — 16,9% гадавых.
Месца для аўтамабіля на падземнай паркоўцы трэба купляць асобна за 13,2 тыс. рублёў.
Калі плануюць здаць гатовыя кватэры
Будоўля адбываецца на ўчастку паміж крамай «Кастрычніцкі» і вуліцай Гогаля. Там узводзяць дом вышынёй 8−10 паверхаў. У будынку будуць таксама офісы і кропкі абслугоўвання насельніцтва. Уваход да іх будзе з боку вуліцы Савецкіх пагранічнікаў, а ўваход у пад’езды — з вуліцы і з двара. Акрамя будынка запланаваны дзіцячыя пляцоўкі для гульняў і заняткаў спортам, паркоўкі і падземны гараж на 181 месца.
Кампанія «Айран» плануе сдаць кватэры летам 2024 года. Зараз дом гатовы ўжо на 25%.
Што ў будучыні з’явіцца ў раёне
Прыватны сектар уздоўж вуліцы Савецкіх пагранічнікаў плануюць далей зносіць. На ўчастку плошчай 1,63 га паміж вуліцамі Сыракомлі, Манюшкі і Нямцэвіча хочуць пабудаваць яшчэ адзін дом вышынёй не больш за 41 метр. Участак плануюць выставіць на аўкцыён. Зараз там каля дзясятка прыватных жылых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. Жыхары ўжо ў 2022 годзе атрымлівалі ад гарвыканкама паведамленні пра планы зносу.
Хто будуе на Савецкіх пагранічнікаў
Зямлю на Савецкіх пагранічнікаў у красавіку 2020 года выкупіла мінская кампанія «АйранІнвестПраект». Папярэдняя кампанія-забудоўшчык «Сучасныя бетонныя канструкцыі» адмовілася ад планаў і скасавала дамову арэнды.
У Гродне «Айран» будуе таксама два комлексы таўнхаўсаў у Пагаранах. Яны гатовыя на 60%. Фірма ўзводзіць таксама жыллёвыя комплексы ў Мінску і Віцебску.